Амерыканскія навукоўцы распрацавалі антыцелы, якія забіваюць да 99% штамаў ВІЧ і здольныя знішчыць інфекцыю на ранняй стадыі. Злучэнне здольнае атакаваць тры ключавыя кампаненты віруса, паведамляе ВВС.

Science Photo Library

Аўтарамі распрацоўкі сталі Нацыянальныя інстытуты аховы здароўя ЗША і фармацэўтычная кампанія Sanofi.

Міжнародная супольнасць па барацьбе з ВІЧ (IAS) назвала распрацоўку навукоўцаў «цікавым прарывам».

Клінічныя выпрабаванні рэчыва плануецца пачаць у 2018 годзе.

Цяпер навукоўцы спрабуюць перамагчы ВІЧ, выкарыстоўваючы так званыя шырока нейтралізуючыя антыцелы, якія здольныя забіваць значную частку штамаў віруса і прадухіляць заражэнне.

Новая распрацоўка навукоўцаў, прадстаўленая ў навуковым часопісе Science, аб'ядноўвае тры тыпы такіх антыцелаў у магутнае рэчыва трайнога дзеяння.

«Яны [новыя антыцелы] больш магутныя і аказваюць больш шырокае дзеянне, чым любое асобна ўзятае натуральнае антыцела з вядомых на сённяшні дзень», — кажа адзін з аўтараў даследавання Гэры Нейбел.

Самыя магутныя прыродныя антыцелы здольныя перамагчы да 90% штамаў ВІЧ.

«Мы дасягнулі ахопу ў 99%, і ён дасягаецца пры вельмі нізкай канцэнтрацыі антыцела», — адзначае Нейбл.

У выніку вопытаў на 24 малпах ні ў адной з жывёл не з'явілася інфекцыя пасля ўвядзення ім віруса ВІЧ.

Кіраўнік Міжнароднай супольнасці па барацьбе з ВІЧ Лінда Гейл Бекер адзначае, што вобласць прымянення новых антыцелаў можа быць значна шырэйшая, чым можна ўявіць сёння.

«Сёння яшчэ раняя стадыя, і я як навуковец з нецярпеннем чакаю першых выпрабаванняў, якія павінны пачацца у 2018 годзе», — кажа Бекер.

Кіраўнік Нацыянальнага інстытута ЗША па вывучэнні алергічных і інфекцыйных захворванняў Энтані Фаучы назваў адкрыццё інтрыгуючым.

«Камбінацыя антыцелаў, кожнае з якіх звязанае з рознымі бакамі ВІЧ, лепш за ўсё здольная пераадолець ахоўную рэакцыю віруса і дасягнуць эфектыўнага ўзроўню лячэння і прафілактыкі», — адзначае навуковец.

Вірус ВІЧ валодае высокай здольнасцю да мутацыі, і імуннай сістэме чалавека складана адначасова змагацца з рознымі відамі штамаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0