Украінскія СМІ паведамляюць пра смерць двух былых крымскіх спецслужбістаў, абвешчаных у вышук за дэзерцірства.
28 жніўня ў Дагестане падчас спецаперацыі па абясшкоджванні так званай «хасавюрцкай банды» ў перастрэлцы былі забітыя два экс-супрацоўнікі спецпадраздзялення СБУ «Альфа», якія ў 2014 годзе, насуперак прысязе, перайшлі на службу да расійскіх сілавікоў. Пра гэты інцыдэнт паведаміла РІА «Новості», падрабязнасці ў Facebook выклаў журналіст Юрый Бутусаў.
Па дадзеных крыніцы, забітыя ўраджэнцы Севастопаля — падпалкоўнік Аляксандр Байбутлаў 1977 года нараджэння і падпалкоўнік Дзяніс Ракіцкі 1977 года нараджэння.
«Абодва разам скончылі Севастопальскі ваенна-марскі інстытут ім. Нахімава, а ў сакавіку 2014-га праходзілі службу ў Цэнтры спецыяльных аперацый СБУ ў Севастопалі. Ракіцкі быў камандзірам групы ў аддзеле, Байбутлаў — галоўным спецыялістам аддзела», — паведаміў журналіст.
У 2016 годзе Байбутлава і Ракіцкага ў Расіі ўзнагародзілі медалём Мінабароны РФ «За вяртанне Крыма».





