Беларускі турыст, які лічыўся патанулым у моры на Кіпры, знойдзены жывым, паведамляе газета Cyprus Mail.
Беларус знік падчас купання ў моры раніцай 28 жніўня ў Пафасе. Мерапрыемствы па яго вышуку былі арганізаваныя ў той жа дзень — задзейнічалі экіпаж выратавальнага судна і каманду дайвераў, шукалі турыста таксама пры дапамозе верталёта.
Аказалася, мужчыну падчас купання знесла моцным цячэннем, вярнуцца на свой бераг ён не змог і апынуўся на аддаленым пляжы. Знясілены, ён заснуў проста на пляжы. Прачнуўшыся на наступны дзень, выйшаў на бліжэйшую дарогу, дзе і быў знойдзены.
Паводле даных паліцыі, здароўю турыста нічога не пагражае. Мужчына адмовіўся ад медыцынскай дапамогі. Стала вядома, што мужчына не ўпершыню адпачываў на Кіпры, сёлета ён прыбыў на востраў у пачатку чэрвеня, вярнуцца дадому плануе ў верасні.





