Анаматэты (імядаўцы, стваральнікі імёнаў) расійска-беларускіх ваенных вучэнняў «Захад-2017» нядобра гуляюцца на сімвалічным полі.
Яны не толькі на сваіх картах адсеклі «беларускую» частку «карэннай Літвы» (Lithuania propria) ад астатняй часткі Беларусі, але і для назваў умоўных ворагаў узялі пазнавальныя балцкія імёны.
Чытайце таксама:
«Вейшнорыя», «Весбарыя» і «Лубенія» нападаюць на Беларусь і Расію — сцэнар вучэнняў «Захад-2017»
Такім чынам, хто для расійскага і беларускага войска меркаваны вораг? «Вейшнорыя», «Весбарыя» і «Лубенія».
Першыя два — відавочна ад двухскладовых балцкіх імёнаў (такая двухскладовасць успадкаваная з індаеўрапейскіх часоў і добра вядомая па грэцкіх імёнах тыпу Архімед, Арыстоцель, Геракліт).
Гэта імёны Вайшнор (па-літоўску Vaišnoras, у старажытных прусаў Waisnоr) — «той, хто ахвотна частуе» (хлебасольны), і Візбар (па-літоўску Vizbaras, у прусаў Wissebar) — «усепераможны». У нас пад Ашмянай вядомая вёска Вайшнарышкі, быў такі ж хутар і пад Астраўцом.
«Лубенія» таксама мае сувязі з балцкімі назвамі. Старапрускае прозвішча Lubene, латвійскае возера Lubāns, пруская рака Lubano. Гэтыя словы — ад балцкага і індаеўрапейскага кораня са значэннем «аддзіраць; адломваць; злупляць (скуру)». Пагрозлівае значэнне, як можна бачыць. Дарэчы, з гэтым коранем знакаміты лінгвіст Тапароў звязваў і падмаскоўную назву Лубянка.





