У Кеніі з сённяшняга дня пачала дзейнічаць забарона на поліэтыленавыя пакеты, паведамляюць інфармагенцтвы.
Адзначаецца, што з гэтага часу за продаж, куплю і выкарыстанне падобных пакетаў парушальнікам могуць выпісаць штраф да $38 тысяч або заключыць іх пад варту на тэрмін да 4 гадоў. Мясцовыя ўлады чакаюць, што такія меры дазволяць абараніць навакольнае асяроддзе ад забруджвання.
Турысты, якія прыязджаюць у Кенію, павінны будуць здаваць поліэтыленавыя пакеты ў аэрапорце.
Забарона на поліэтыленавыя пакеты была зацверджаная ў Кеніі толькі з трэцяй спробы. Новаўвядзенне сустрэла бурны супраціў вытворцаў, якія прыводзілі звесткі, што праз яго могуць страціць працу каля 80 тысяч чалавек.
Паводле розных ацэнак, жыхары Кеніі выкарыстоўваюць да 24 млн пакетаў у месяц. Раней забарону на поліэтыленавыя пакеты ўвялі ў шэрагу іншых афрыканскіх краін: у ПАР, Руандзе і Эрытрэі.
Нагадаем, пластыкавы посуд і пакеты забаранілі таксама ў Шры-Ланцы.





