Больш за 100 чалавек шпіталізаваныя ў выніку атручэння невядомым хімічным рэчывам на поўдні Англіі ў графстве Усходні Сасэкс, паведамляеВВС.
Фота: Eddie Mitchell
У нядзелю людзі, якія адпачывалі на пляжы Бірлінг Гэп, сталі скардзіцца на ўскладненае дыханне, паленне ў вачах і ваніты.
Відавочцы распавядалі, што воблака прыйшло з боку мора, у паветры ў гэты час адчуваўся пах хлору.
Выратавальныя службы правялі эвакуацыю і накіравалі ў бальніцы 133 чалавекі. Паліцыя графства пачала расследаванне.
У мінулым падобныя інцыдэнты былі выкліканыя ўцечкамі з прамысловага прадпрыемства ў Францыі, але пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.
У пажарна-выратавальнай службе Усходняга Сасэкса адзначылі, што «атручэнне хлорам вельмі малаімавернае», бо наступствы атручэння былі б значна больш сур'ёзныя.
Людзям, якія жывуць на ўзбярэжжы, рэкамендавана пакуль трымаць вокны і дзверы зачыненымі і па магчымасці не выходзіць з дому.





