З 1 верасня Валянціна Уладзіміраўна, на якую ў маі 2016 года напалі ў гімназіі № 74 у Мінску, больш не будзе выкладаць рускую мову і літаратуру.
— Пра тое, што настаўніца сыходзіць, стала вядома на днях. Ніхто не ведае, яна сама прыняла гэтае рашэнне, ці не, — распавядае мінчанка, у каго дзіця вучыцца ў гімназіі №74. — Валянціна Уладзіміраўна да гэтага была ў адпачынку, сёння ён афіцыйна сканчаецца. Выходзіць, ёй давядзецца дапрацаваць чатыры дні да пачатку навучальнага года, потым яна сыдзе.
Заяву на звальненне настаўніца напісала з 1 верасня. Валянціне Уладзіміраўне 58 гадоў, апошнія 12 гадоў яна працавала ў мінскай гімназіі № 74.
***
Нагадаем, у красавіку 2017 года Мінскі гарадзкі суд вынес прысуд па гучнай справе. Вучня 9-класа Д. прызналі вінаватым у тым, што ў маі 2016 года ён напаў з нажом на настаўніцу і нанёс ёй 17 удараў. За замах на забойства падлетка прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Паседжанні праходзілі ў закрытым рэжыме, настаўніца толькі пасля абвяшчэння прысуду пракаментавала сітуацыю:
— Я яго прабачыла і лічу, што пакаранне, якое ён сам сабе нанёс, не параўнальна з любым. Хачу сказаць, што на працягу ўсяго судовага разбору я і мой адвакат прасілі аб ласцы і літасці да гэтага дзіцяці.
Вядома, што пасля нападу Валянціна Уладзіміраўна вярнулася працаваць не толькі ў гімназію № 74, але і ў той жа клас, дзе здарылася трагедыя. Адвакат 16-гадовага Д. Людміла Палачкіна пасля абвяшчэння прысуду коратка яго пракаментавала: «Жорстка, несправядліва, незаконна».
19 верасня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзіць у апеляцыйным парадку справу гімназіста.





