У Азербайджане — краіне з адным з найгоршых паказчыкаў свабоды прэсы ў свеце — зачыняецца апошні буйны незалежны СМІ — інфармагенцтва Turan. Напярэдадні яго кіраўнік быў адпраўлены за краты.
Мехману Аліеву пагражае да сямі гадоў зняволення.
Мехмана Аліева арыштавалі па абвінавачванні ва ўхіленні ад падаткаў у чацвер вечарам. На наступны дзень да абвінавачванняў дадаліся злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і незаконнае прадпрымальніцтва. Бакінскі суд арыштаваў кіраўніка агенцтва Turan на тры месяцы.
Аліеў адмаўляе абвінавачванні, а яго калегі і адвакат называюць арышт «палітычнай замовай».
Еўрапейскі камітэт па абароне журналістаў (CPJ Europe) заклікаў Азербайджан «спыніць палітычна матываваны пераслед Мехмана Аліева і агенцтва Turan».
«Улады краіны сістэматычна злоўжываюць судовай сістэмай, каб саджаць у турму журналістаў і выціскаць незалежную прэсу», — сказала каардынатар праграм CPJ Europe ў Цэнтральнай Азіі Ніна Агнянава.
У пятніцу Turan пацвердзіў, што спыняе працу: «У такой сітуацыі нармальнае функцыянаванне агенцтва становіцца вельмі складаным. Улічваючы сітуацыю, якая склалася, калектыў Turan вымушаны з 1 верасня прыпыніць сваю працу на нявызначаны час».
Азербайджан нязменна займае самыя нізкія радкі ў сусветных рэйтынгах свабоды прэсы.





