«Гатовая паспрачацца, — піша Ірына Халіп, — калі б Лукашэнка па неймаверным збегу абставінаў сустрэўся, да прыкладу, з Нэльсанам Мандэлам, ён бы абавязкова сказаў: «Ды я і сам трыццаць гадоў у турме адседзеў». Або: «Мая бабуля ўсё жыццё ў Афрыцы з апартэідам змагалася». Або, на горшы выпадак, «мой бацька, які загінуў на вайне, таксама быў чарнаскурым».

Як жа яму хочацца ўсім падабацца! І як пакутуе ён ад таго, што не падабаецца нікому. Усе небыліцы спароджаныя адчайным жаданнем хоць каму-небудзь спадабацца, хоць бы з кім-небудзь пасябраваць. Бедны, бедны ізгой. Усе вакол быццам і баяцца, і на «зважай!» паслухмяна становяцца, і самыя дурныя загады кідаюцца выконваць, знішчаючы ўласную рэпутацыю, а вось сябраваць — ніяк. Нават яны, падначаленыя.

Мы ўжо чулі, што бацька на вайне загінуў, Скарына ў Піцеры тварыў, а пры Гітлеры Германія дасягнула найвышэйшага пункту фарміравання нямецкага парадку. Пасаж пра тату-героя быў адрасаваны ветэранам, каб ім спадабацца, стаць сваім, сынам палка. Скарыну ў Піцер адправіў, а не ў які-небудзь Таржок, таму што Пуцін — піцерскі. Яму, па сціплым разуменні Лукашэнкі, гэта мусіла б спадабацца», — піша Халіп.

«Учора вось новую байку расказаў, ужо для ўсіх: аказваецца, у школе на ўліку ў дзіцячым пакоі міліцыі быў. Жанчыну, капітана міліцыі, баяўся. І хоць усім ясна, што ніякага дзіцячага пакоя ў вёсцы Александрыя не было, і ніякіх капітанаў з палкоўнікамі там з вайны не бачылі, але — трэба было сказаць. Зноў спадзяваўся спадабацца ўсім, бо ў краіне, дзе ў кожнай сям'і хто-небудзь сядзеў ці сядзіць цяпер, трэба прыкінуцца зэкам, каб стаць сацыяльна блізкім. Але зусім ужо зэкам — небяспечна, а вось хуліганскае мінулае — у самы раз. І сваякі зэкаў павінны адчуць блізкасць і яднанне, і, вядома, бацькі школьнікаў. Апошнія — асабліва: вядома, цяперашнія дзеці, з нараджэння падлучаныя да Інтэрнэту, наравістыя, непакорлівыя, скептычныя, усё падвяргаюць сумневу. Бацькі хвалююцца, і тут аж сам кіраўнік кажа ім: ды не парцеся вы, я сам такі ж, за мной наогул у дзяцінстве міліцыя ганялася. Далей — болей: спрасціць праграму, не нагружаць дзяцей, ва ўніверсітэтах не больш за тры гады. Гэта ўжо на саміх дзяцей разлічана — «настаўніца захварэла, кантрольнай не будзе!» 

«Не сумняваюся, — піша Халіп, — што пры сустрэчы са Стывенам Сігалам Лукашэнка ўпэўнена распавядаў, як з дзяцінства займаўся ўсходнімі адзінаборствамі у сябе ў вёсцы і аднойчы выпадкова накаўтаваў Бруса Лі. Пры сустрэчы з Сільвіа Берлусконі — што любіць вечарынкі «бунга-бунга». Нябожчык Муамар, які некалі разгарнуў шацёр у Заслаўі, напэўна пачуў, што менавіта беларуская зямля дала свету першых шахідаў», — іранізуе Халіп.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?