Англічанін італьянскага паходжання, які даўно вядзе бізнэс у Расеі і Беларусі, абвінавачваецца следчымі маскоўскай паліцыі ў крадзяжы буйной сумы ў свайго партнёра, бізнэсоўца з Швейцарыі, пры ўзвядзенні вышыннага комплекса ў Мінску, перадае ej.by. 

Сам брытанец віну катэгарычна не прызнае, сцвярджаючы, што яго канфлікт з кампаньёнам адносіцца да сферы грамадзянска-прававых адносін.

Па дадзеных крыніц «Коммерсанта», крымінальная справа аб махлярстве ў асабліва буйным памеры ў дачыненні да брытанскага бізнэсмэна Вінцэнта Петрыла была распачата следчай часткай УУС Цэнтральнай акругі Масквы. Нагодай стала заява былога партнёра спадара Петрыла — буйнога прадпрымальніка і інвестара з Швейцарыі Герхарда Амона, які асабіста прыязджаў у сталіцу Расіі, каб паскардзіцца ў праваахоўныя органы. Па версіі заяўніка, брытанец выкраў у яго больш за 300 тыс. даляраў.

Вінцэнт Петрыла даўно займаецца бізнэсам у краінах постсавецкай прасторы. У 2010 годзе ён разам з Герхардам Амонам удзельнічаў у амбіцыйным праекце ў Беларусі. Гаворка ішла аб пабудове 25-павярховага вышынага (100 метраў вышынёй) бізнэс-цэнтра Futuris на скрыжаванні Мінскай кальцавой аўтадарогі і праспекта Незалежнасці. Планавалася, што швейцарац укладзе да 70 млн даляраў у праект, які меў на ўвазе будаўніцтва больш чым 45 тыс. метраў офісных і гандлёвых плошчаў для размяшчэння да 1300 чалавек. Вінцэнт Петрыла адказваў за тэхнічную частку праекта і прыцягненне інвестыцый.

У канцы 2010 года Вінцэнт Петрыла і Герхард Амон ва ўрачыстай абстаноўцы ўдзельнічалі ў прысутнасці высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў у закладцы капсулы ў падмурак будучага цэнтра.

Аднак ужо праз год паміж партнёрамі ўзніклі рознагалоссі. Па некаторых дадзеных, спадар Амон быў незадаволены тым, як выдаткоўваюцца выдзеленыя ім сродкі, і спыніў фінансаванне, што прывяло да замарозкі будаўніцтва. Больш за тое, ён запатрабаваў ад Вінцэнта Петрыла вярнуць яму частку грошай, абвінаваціўшы партнёра ў неабгрунтаваным узбагачэнні. Англічанін з такой трактоўкай не пагадзіўся, заявіўшы, што ўяго проста спрабуюць адабраць бізнэс. Пасля гэтага паміж імі пачаліся цяжбы, у тым ліку і ў маскоўскіх судах. Расійскае правасуддзе, дарэчы, стала на бок брытанца, адмовіўшы яго партнёру ў задавальненні пазову.

Трэба адзначыць, што скандалы пераследвалі Futuris яшчэ да канфлікту партнёраў. Па першапачатковых планах, бізнэс-цэнтр павінен быў называцца «Залаты горад», а да яго будаўніцтва Вінсэнт Петрыла прыцягваў пяцярых беларускіх камерсантаў і чыноўнікаў. Аднак неўзабаве ён абвінаваціў іх у спробе выкрасці ў яго 3 млн еўра. Партнёры былі арыштаваныя, а ў 2010 годзе асуджаныя на тэрміны ад шасці да дзевяці гадоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна