Добры доктар Алькаголь —
Ён усім здымае боль!
Да яго прыходзь лячыцца
і цясьляр, і кранаўшчыца,
і прафэсар, і студэнт,
і паэт, і прэзыдэнт.
Пазьдзімае з ранаў соль
добры доктар Алькаголь!
І прыйшоў да Алькаголя Пятро:
— Мяне зашчымілі ў мэтро!
І прыйшла да Алькаголя Тэрэза:
— Мяне ледзьве маньяк не прырэзаў!
І прыйшоў да Алькаголя Піліп:
— Я ў махінацыю ўліп!
І прыйшоў да Алькаголя Хвядос:
— Мне надакучыў мой бос!
І прыйшоў да Алькаголя Серж:
— У мяне ня пішацца верш!
І прыйшлі да Алькаголя дзьве Ганны:
— Мне зь ёю здрадзіў каханы!
І прыйшоў да Алькаголя Дзям’ян:
— Мне паламалі баян!
І прыйшла да Алькаголя Марынка:
— Мне нехта ў паштовую скрынку
падкінуў дохлую мыш.
Ні паеш,
ні сьпяеш,
ні пасьпіш!
І прыйшоў да Алькаголя Якуб:
— Мне акунуцца ў раку б...
Ды сорамна мне,
што ня ўзяў я плаўкі.
Доктар, я патрабую дабаўкі!
І прыйшла да Алькаголя Канстанцыя:
— У мяне пад вакном будуецца
атамная электрастанцыя,
а мне спакой патрабуецца...
І прыйшоў да Алькаголя Максім:
— Я не задаволены ўсім!
І прыйшла да Алькаголя Таня:
— Быць агідна ў цьвярозым стане!
І прыйшоў да Алькаголя Пятрусь:
— Мне балюча за ўсю Беларусь!
А потым прыйшоў Альфрэд:
— Мне крыўдна за цэлы сусьвет!
Добры доктар Алькаголь,
ускараскай нас на столь!
Разам з намі пасваволь,
добры доктар Алькаголь!
Каб па нашых родных хатах,
фабрыках і камбінатах,
школах і ваенкаматах,
па вакзалах і дэпо,
банках і ўнівэрсытэтах,
тэле, радыё, газэтах
і раённых камітэтах
разьлілося Лімпапо!
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.