Фота Артура Фінькевіча

Фота Артура Фінькевіча

Брэсцкая актывістка руху «Маладая Беларусь» і ўдзельніца «Маршу недармаедаў» у Брэсце Наталля Папкова трапіла ў стацыянар Брэсцкага абласнога псіхіятрычнага дыспансеру нібыта па заяве суседзяў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідар руху, былы палітвязень Артур Фінькевіч. Сёння каля 10.00 ён разам з паплечнікамі і сваякамі Наталлі здолеў прарвацца ў медустанову, каб наведаць змешчаную туды актывістку.

У момант, калі Фінькевіч і яго спадарожнікі прыйшлі ў лякарню, у двары былі заўважныя характэрнага выгляду людзі ў цывільным.

«Мы ўбачылі Наталлю ў акне, яна паказвала нам знакамі, што знаходзіцца тут і прасіла зайсці. Мы прайшлі ўнутр, бо пра нашае з’яўленне не паспелі паведаміць галоўнаму лекару. Калі ён з’явіўся, мы ўжо былі ў памяшканні лякарні, ён стаў на нас крычаць і патрабаваў, каб мы сышлі. Нарэшце ён дазволіў нам пабачыцца з Наталляй і паразмаўляць цягам дзесяці хвілін, але з такой умовай, каб мы не спрабавалі яе забраць і вывезці з лякарні», — распавёў Артур Фінькевіч.

Паводле яго словаў, Наталля Папкова падчас сустрэчы была ў цалкам адэкватным стане і ёй не давалі ніякіх прэпаратаў. Яна па-ранейшаму трымае галадоўку на знак пратэсту супраць свайго змяшчэння ў псіхіятрычную лякарню.

Фармальнай падставай для шпіталізацыі стала заява некага з суседзяў, нібыта ў Наталлі была спроба суіцыду. Паводле заканадаўства, у такіх абставінах чалавека могуць прымусова забраць у лякарню з санкцыі пракурора. Дазвол на шпіталізацыю даў пракурор горада Брэста.

Наталля звязвае гэты інцыдэнт з яе актыўным удзелам у папярэдніх акцыях пратэсту ў Брэсце і мяркуе, што яе затрымалі прэвентыўна, каб яна не прыняла ўдзел у сённяшняй акцыі. У панядзелак адбудзецца камісія, якая павінна ацаніць псіхічны стан жанчыны. Хутчэй за ўсё яна будзе адпушчаная, бо не выяўляе ніякіх паталогіяў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?