Шэрыя лютаўскія дні, на першы погляд падаецца, мелі мала светлага: шэраг гучных судовых разбіральніцтваў, будаўніцтва ў Курапатах, рост цэн на камунальныя. Мы ж паспрабавалі разгледзець сярод усяго, што адбылося з беларусамі ў лютым, тое, чаму варта ўсцешыцца і чым варта ганарыцца.

Домрачава выйграла срэбра ў гонцы пераследу на ЧС па біятлоне

Фота: biathlonworld.com

Фота: biathlonworld.com

Усяго толькі праз чатыры месяцы пасля нараджэння дачкі Дар’я Домрачава не проста вярнулася ў біятлон, а адразу ўзнялася на другую прыступку п’едэстала на чэмпіянаце свету ў Хохфільцэне. Медальная для трохразовай аліміпійскай чэмпіёнкі гонка пераследу стала адзінай на спаборніцтвах без адзінага хібнага стрэлу. Узорная стральба і па-ранейшаму хуткі бег па трасе дазволілі Домрачавай здзейсніць неверагодны камбэк: на другую пазіцыю яна выбралася з ажно 27-га (!) месца, занятага па выніках спрынту.

Беларускі Свабодны тэатр уганараваны міжнароднай прэміяй

Фенаменальная з’ява ў сучасным беларускім мастацтве — тэатр, пра спектаклі якога пішуць найбуйнейшыя сусветныя выданні, кшталту The New York Times, The Guardian або The Financial Times, і адначасова маўчаць на радзіме. Адзін толькі факт таго, што летась на пачатку восені «Свабодны тэатр» ставіў сваю новую працу Burning Doors на сцэне лонданскага Soho Theatre, варты асаблівага гонару. Пастаноўка не засталася па-за ўвагай крытыкаў: днямі «свабодаўцы» атрымалі прэстыжную тэатральную прэмію The Offies’2017 (The Off West End Theatre Awards 2017) у намінацыі «Лепшы ансамбль». Адзначылі «Свабодны тэатр» і па той бок акіяна. Тэатральны аглядальнік выдання Chicago Tribune ўключыў спектакль «Кароль Лір», сыграны на беларускай мове (!), ва ўласны топ-10 галоўных падзей тэатральнага жыцця Чыкага ў 2016 годзе.

Беларускія тэнісісткі абыгралі Галандыю і выйшлі ў паўфінал Сусветнай групы

Жаночы Кубак Федэрацыі — аналаг мужчынскага Кубку Дэвіса, у якім у 2004-м грымнула беларуская зборная. Праз трынаццаць гадоў упершыню ў гісторыі шлях у паўфінал прэстыжнага турніру праклала сабе ўжо жаночая зборная Беларусі, абыграўшы дома нідэрландак. Да таго ж без галоўнай зоркі — Вікторыі Азаранкі, якая гадуе двухмесячнага сына.

Kuoll і FriendlyData — інвестыцыі ў беларускія IT-стартапы

Беларускія ІТ-распрацоўшчыкі працягваюць збіраць інвестыцыі ў якасці дапамогі для старту перспектыўных на думку экспертаў праектаў.

Гэтак стартап Kuoll, які стварае сервіс для распрацоўшчыкаў па кантролю за памылкамі ў вэб-дадатках, трапіў у трэці набор нью-ёркскага Starta Accelerator і атрымаў $130 тысяч на сваё развіццё. Іншы праект маладых ІТ-спецылістаў FriendlyData першым з Беларусі трапіў у адзін з лепшых акселератараў (сацыяльны інстытут падтрымкі стартапаў) свету — каліфарнійскі 500 Startups, у выніку чаго мае $150 тысяч інвестыцый.

Антон Кушнір трэці раз у сезоне перамог на этапе Кубка свету

Алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір працягвае даказваць, што на дадзены момант яму няма роўных. Трэцюю перамогу ў сезоне беларускі фрыстайліст здабыў у паўднёвакарэйскім Бакване. На жаль, этап Кубка свету ў Раўбічах спартсмен прапускаў.

Чытайце таксама:

8 беларускіх поспехаў студзеня

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?