Існуе тры важныя падставы для таго, каб ставіцца да Курапатаў як да святыні. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіў протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Курапаты - гэта, па-першае, могілкі, па-другое, - месца масавых рэпрэсій, па-трэцяе - помнік культуры», - адзначыў ён.

На яго думку, усе работы на мясцовасці таксама павінны праводзіцца з улікам гэтых трох пунктаў.

«З іншага боку, павінны быць дакладна, на падставе раскопак, вызначаны межы гэтага святога месца, каб пазбегнуць як замаху на іх недатыкальнасць, так і лішніх спекуляцый вакол сумежных тэрыторый. Гэтая пазіцыя агучваецца намі даўно, і яна не мяняецца, і я не ведаю, што павінна адбыцца, каб яна змянілася: будуць там будоўлі ці не будуць, будуць там акцыі пратэсту ці не - усё гэта ўплывае толькі на ўзровень напружанасці ў грамадстве», - падкрэсліў протаіерэй.

Сяргей Лепін таксама нагадаў, што ў Курапатах заснавана праваслаўная рэлігійная абшчына, у якой праводзяцца набажэнствы. «І мы нагадваем усім аб неабходнасці маліцца і пазбягаць эскалацыі нянавісці і агрэсіі», - дадаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна