Ужо заўтра каталікі, пратэстанты, а таксама большасць праваслаўных цэркваў адзначаць Раство. «Наша Ніва» сабрала вядомыя калядныя песні. Правядзіце святы пад іх.
Рэлігійны гімн «Ціхая Ноч» быў напісаны ў 1818 годзе ў Аўстрыі. Ён перакладзены на дзясяткі моў. Вось як яго выконвае настаўніца з Гомеля Вальжына Цярэшчанка.
А вось ён у выкананні Андрэа Бачэлі па-італьянску.
Сапраўдны шэдэўр тры гады таму стварыў Зміцер Вайцюшкевіч. Словы напісаў Уладзімір Някляеў. Гэта зачароўвае:
Вось вам тэкст, каб вы вывучылі:
Над Крэвам сцямнела
I першая зорка ўзышла
Зусiм маладая.
I свецiць няўмела.
Пакуль ты шукала,
Пакуль ты мяне не знайшла
Над Крэвам сцямнела.
Рачулка знямела
Пад лёдам, суцiшыўшы бег.
Завея саспела.
Прыйшлi снегапады.
Пакуль ты на ганку
Змятала з валёначак снег,
Насталi Каляды.
Прыпеў:
На Каляды, на Каляды
Снегапады, снегапады.
Не праехаць, не прайсцi
— Падымайся i ляцi.
Як сняжынка, як сняжынка
Ад сцяжынкi да сцяжынкi,
Ад ялiнкi да ялiнкi
У мае абдымкi.
Званы зазвiнелi.
Хрыстос усмяхнуўся з нябёс
Калядная зорка
То гасла, то ззяла.
Ты рады пытала,
Што гэтакi выпаў нам лёс.
Якi выпаў лёс — не казала.
Напісаную ў 1850-х Jingle Bells хто толькі не спяваў! Паслухаем джазавы варыянт Элы Фіцджэральд.
А гэта яе беларускі варыянт:
Яшчэ адна калядная песня — Let it snow, напісаная ў 1945 г. у спякотны ліпеньскі дзень. Трывала асацыюецца з Фрэнкам Сінатрам, хоць упершыню яе выканаў Вон Манро.
Пуэрта-Рыка — гэта не толькі прыгожыя дзяўчаты, што рэгулярна бяруць высокія месцы на конкурсах прыгажосці. Гэта таксама і вялікі пласт якаснай музыкі. У 1970 г. Хасэ Фелісіяна напісаў Feliz Navidad, што стаў калядным хітом не толькі ў краінах Лацінскай Амерыкі, але і ў ЗША і Канадзе.
Яшчэ адна з самых папулярных у свеце песняў — гэта White Christmas, напісаная ў 1942 г. вялікім амерыканскім кампазітарам, між іншым, ураджэнцам беларускага Талачына Ірвінгам Берлінам. Яна была ўпершыню праспяваная Бінгам Кросбі. Песню потым выконвалі і Фрэнк Сінатра, і Элвіс Прэслі, і Нэт «Кінг» Коўл, і Дзін Марцін. У дадзеным выпадку аддамо перавагу класічнаму выкананню Бінга Кросбі.
Свецкая песня We wish you a Merry Christmas напісаная ў 16 ст. у Англіі, але шчасліва трансфармавалася ў хіт у ХХ-ХХІ ст.
У папярэдняй песні віншуюць не толькі з Раством, але і з Новым годам. Як тады можна забыцца на класічную хіт гурту ABBA?
Украінская народная песня Щедрик, апрацаваная Мікалаем Леантовічам, у заходнім свеце стала хітом Carol of the Bells
А вось яна па-ўкраінску ў выкананні Ціны Караль і дзіцячага хору.
Беларусы таксама маюць нямала калядных хітоў.
Для настальгіі: «Каляда» «Песняроў».
А гэта «Балада пра святога Мікалая» Віктара Шалкевіча.
І нарэшце сапраўдны «Цуд на Каляды» ў выкананні Аляксандра Памідорава з праекта «Святы вечар»





