У Варшаве ў гэтую суботу адбудзецца музычны фэст «Партызан-Рок». У канцэрце возьмуць удзел беларускія гурты «Брутто», «Крамбамбуля», «Дзецюкі», а таксама сумесны беларуска-польскі музычны праект «Ганьбюкі».

Пра тое, ці проста арганізоўваць канцэрты беларускіх гуртоў у Варшаве, расказвае мастацкі кіраўнік кампаніі «МузТур» Яўген Новаш.

РР: Як увогуле ўзнікла ідэя фэсту?

Яўген Новаш: «Партызан-Рок» — гэта даўняя ідэя гурта «Брутто». Хлопцы яе развівалі ў Кіеве, але з-за нейкіх абставінаў фэст там не адбыўся. Пасля прадзюсар «Брутто» Антон Азізбекян прапанаваў гэтую ідэю адрадзіць, і я яе падтрымаў разам са сваёй камандай «МузТур». Гэта будзе больш беларускі фестываль. Гурты з’яўляюцца флагманамі альтэрнатыўнай сцэны. У кожнага з іх ёсць моцная пратэстная праграма. У той жа час, калектывы розныя па стылістыцы, але іх аб’ядноўвае агульная ідэя.

РР: Чаго чакаць слухачам і гледачам на варшаўскім канцэрце?

Яўген Новаш: Што тычыцца «Крамбамбулі», мяркую, што прагучаць іхныя старыя кампазіцыі, песні з сольнай творчасці Лявона і галоўныя кампазіцыі з «Партызанскага альбома». У «Брутто» будзе традыцыйная праграма. У іх выйшаў укаінскамоўны сінгл, я спадзяюся, што гэтая песня прагучыць ужо на нашым фестывалі. І песні «Ляпісаў» перыяду рэвалюцыйнага фармату. Вельмі радуюць «Дзецюкі». Прыадкрыю сакрэт: я з’яўляюся прадзюсарам гэтага гурта. Прагучыць новая песня на верш Караткевіча і песня, якая не выконвалася раней «Дзецюкамі», яе выконвала група «Кальян», — «Радыеактыўны снег», але ў версіі «Дзецюкоў». Гэта будзе эксклюзіўная рэч. Магчыма, у выкананні гэтага гурта яна больш ніколі не будзе выконвацца. Таксама выступяць «Ганьбюкі» — гэта беларуска-польскі праект, сумесная творчасць гуртоў «Дзецюкі» і «Ганьба». Прагучаць песні абодвух гуртоў у сумеснай панк-аранжыроўцы. Будзе дастаткова цікава.

РР: Увесну вы ўжо арганізоўвалі канцэрт у Варшаве з удзелам «Дзецюкоў» і «Брутто». Ці атрымалі арганізатары таго, чаго чакалі?

Яўген Новаш: Быў вялікі канцэрт, шмат людзей, быў сапраўдны аплот свабоды ў цэнтры Варшавы. Усё атрымалася, быў выдатны гук. Нас усё задавальняе, музыканты задаволеныя. Гледачы — таксама.

Нашыя праекты не з’яўляюцца фондавымі, грантавымі. Мы прыдумваем ідэю і спадзяёмся толькі на свае сілы, на сілы сваёй каманды, якой я хачу падзякаваць у асобе сваёй жонкі Марыны Калеснікавай, Мікіты Герасімовіча, Аляксея Бука, Дзяніса Кляпацкага, дзякуй, безумоўна, Польскаму консульству за візавую падтрымку.

Мы вельмі радыя, што праект «Партызан-Рок» атрымаўся. Засталося зусім няшмат — гэта ваш удзел, паважаныя слухачы і гледачы.

Яшчэ пакуль не адбыўся першы фэст «Партызан-Рок», як арганізатары ўжо вядуць перамовы наконт наступнага. Таксама кампанія «Муз-Тур» мае шмат планаў на правядзенне канцэртаў беларускіх гуртоў і выканаўцаў у Варшаве, Беластоку і Вільні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?