Бел-чырвона-белыя палотнішчы мы прызвычаіліся бачыць, бадай, толькі на акцыях у Менску. У колерах нацыянальнага сцяга моладзь носіць часам фенечкі на руках, а гіпстары чапляюць стужкі на заплечнікі. Адкуль жа ў глухой вёсачцы, дзе жывуць ўсяго некалькі чалавек, з’явіўся стары сімвал беларускай незалежнасці?
Уязджаеш у даволі доўгую вёску Чатыркі, пераязджаеш мастком праз невялікую рачулку, ці, хутчэй, ручаёк, – і ты ў Арлянятах. У гэтай вёсцы, што ў Смаргонскім раёне, стала жывуць толькі 8 чалавек. Толькі летам сюды наведваюцца дачнікі, якія пакуплялі пустыя хаты, але ад мясцовых жыхароў яны трымаюцца зводдаль.
Арляняты – гэта асаблівае месца, якое цяжка параўнаць з нейкім іншым – гэта радзіма выбітных беларускіх інтэлектуалаў і грамадскіх дзеячаў. Тут нарадзіўся выдавец і паэт Станіслаў Станкевіч (1886-1964), адсюль паходзіў знакаміты мовазнаўца, доктар славянскай філалогіі Карлавага ўніверсітэту ў Празе Ян Станкевіч (1891-1976), гэта бацькаўшчына выдаўца і публіцыста, дэпутата польскага сейму ксяндза Адама Станкевіча (1891-1949) ды доктара філасофіі, аднаго з лідараў беларускай пасляваеннай эміграцыі Станіслава Станкевіча (1907-1980).
З засценка Амружын з-пад Арлянатаў паходзіў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі (1916-2001) – бадай, адзіны святар у Савецкім Саюзе, які стала маліўся па-беларуску.
«Не ведаю, што тут такое, ці паветра нейкае асаблівае ці вада нешта мае, але разумныя людзі тут нараджаліся», – распавядае жыхарка Арлянятаў Яніна Станкевіч.
«І мае дзеці, дзякуй Богу, мусіць, з гэтага кораня розуму набраліся, інстытуты пазаканчвалі, добрую працу маюць», – гаворыць жанчына з усмешкаю, а ў ейным голасе чуваць гонар.
Спадарыня ўзгадвае, што яшчэ 20 гадоў таму ў Арляняты прыязджалі цэлыя аўтобусныя экскурсіі: «Шмат людзей прыязджала, групамі, адразу некалькі аўтобусаў».
Паводле жанчыны, турысты прыязджалі перадусім на сімвалічную магілу ксяндза Адама Станкевіча. «Яго недзе ў Сібіры бальшавікі замучылі. Ніхто не ведае, дзе пахавалі. Дык тут на магільніку людзі з Вільні, дзе ксёндз перад вайною служыў, паставілі па ім помнік. Схадзіце на магілу да ксяндзочка, схадзіце», – заахвочвае ласкава спадарыня.
На невялічкім вясковым могільніку побач з месцамі спачынку бацькоў ксяндза Адама Станкевіча стаіць надмагілле-помнік, крыж на якім абвязаны бел-чырвона-белай стужкаю.
Вяскоўцы, з якімі давялося паразмаўляць, не ведаюць, хто дакладна ўсталяваў помнік, а тым больш ніхто не змог патлумачыць, чаму там павязаная бел-чырвона-белая стужка. «Не ведаем, хто чапляў, – не мы», – кажуць яны.
«Гэта яшчэ ў 90-ых гадах людзі з Вільні помнік паставілі, то яны там усё і абсталявалі», – сцвярджаюць жыхары.
Былы вязень ГУЛагу Віктар Сікора ў сваіх успамінах гэтак апісаў паховіны ксяндза Адама Станкевіча ў сталінскім лагеры: «Самы мой жудасны ўспамін з Тайшэту – гэта пахаванне ксяндза Адама Станкевіча. Памятаю, як прыйшлі літоўцы і кажуць: «Ксёндз у нас памірае. Як бы вады знайсці?» А ў нас там вады не было. Рабілі свідравіны, але да 84-метровай глыбіні яе не знайшлі ды не змаглі прабіцца глыбей – далей была скала… А рэчка знаходзілася аж у 7 кіламетрах ад лагеру. Збіралі дажджавую ваду, а зімой даводзілася нам збіраць снег і тапіць яго. Ужо пазней нам далі машыну, і мы вазілі лёд з невялічкай рэчкі, нарыхтоўвалі яго, перасыпалі пілавіннем… Дык вось, просяць літоўцы вады. – А адкуль ён? – пытаюся я. – З Вільні, – адказваюць. Я прынёс снегу, растапіў яго, і яны панеслі ваду. Пасля літоўцы зноў прыходзяць. Я кажу: – А вы не скажаце прозвішча ксяндза, не Станкевіч? – Станкевічус Адомас, – адказваюць яны. Распытаў я, у якім бараку ён ляжыць і пабег туды, а Станкевіч быў ужо мёртвы… Яго было цяжка пазнаць… У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыццё. Баяліся, каб хтосьці жывы не ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мяснік», які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваннях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. З дзяжуркі выходзіць «мяснік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасля другі выходзіць з кувалдай і б’е яго па галаве. Праламаў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названне, а не труна), увесь заліты крывёю…»
Пытаюся ў Арлянятах, ці наведваюць сімвалічнае пахаванне мясцовыя людзі ці вернікі з блізкіх Барунаў альбо Крэва, дзе ёсць касцёлы. «Не, ніхто адтуль не прыходзіць, не было адтуляка нікога», – патлумачыла спадарыня Яніна Станкевіч.
Апрача сімвалічнага помніка па ксяндзу Адаму на могілках, больш у Арлянятах няма ніводнай шыльды ці памятнага знаку ў гонар каго-небудзь з тутэйшых выбітных нарадзінцаў.
У вёсцы дагэтуль стаіць бацькоўская хата ксяндза Адама Станкевіча. Цяпер у ёй жыве сын былой ахмістрыні беларускага святара – Станіслаў Вайніловіч. «Мая мама называлася Зоф’я Астроўская. Яна была тут з вёскі недалёка родам. Ксёндз Адам выкладаў у Вільні беларускую мову, а маю маму ўзяў за гаспадыню дом даглядаць, як ягоныя бацькі памерлі. Ксёндз Адам, калі прыязджаў з Вільні, то прывозіў маёй маме кнігі беларускія, вучыў яе. Пасля вайны бальшавікі арыштавалі ксяндза і саслалі ў лагер, дзе ён памёр. Мая ж мама засталася ў гэтай хаце, выйшла замуж, усё жыццё працавала ў калгасе паляводам», – распавёў спадар Станіслаў.
З гонарам ён паказаў старую фатаграфію ксяндза Адама, якую ўсё жыццё захоўвала ягоная мама. Ад сваёй матулі спадар Станіслаў захоўвае яшчэ адную памятку – савецкі медаль «Ветэран працы».
«А ці захаваліся тыя кнігі, якія ксёндз Адам прывозіў?» – пытаюся. «Не, дзе там… Нічога не засталося. Усе кнігі папалілі, усё да рэшты. Пасля вайны людзі надта баяліся, ведаеце, якія часы былі», – распавядае Станіслаў Вайніловіч.
«А за што арыштавалі ксяндза Адама?» – пытаю наступную суразмоўніцу – спадарыню Тэрэсу Чарняўскую, якая жыве ў зялёным акуратным дамку.
«А за што ж, дзеткі, раней арыштоўвалі? Ды за ўсё. Але ксяндза Адама ўзялі за рэлігію ды закатавалі бальшавікі», – распавядае мясцовая жыхарка. З ейных вуснаў льецца вельмі прыгожая беларуская мова, а пастава свеціцца шляхетнасцю. У ейных вачах запальваюцца агеньчыкі, калі яна расказвае, якімі працавітымі і ўмелымі былі ейныя родзічы.
«Мой дзядзька – Станіслаў Станкевіч, – з гонарам адзначыла жанчына. – Ён у Вільні меў сваю кнігарню, вершы пісаў. Але таксама ў сібірскіх лагерах сваё адпакутаваў».
Станіслаў Станкевіч адкрыў сваю кнігарню ў Вільні ў 1926 годзе. Выдавец займаўся публікацыяй беларускіх кніг, надзвычай папулярных адрыўных календароў на беларускай мове. У 1945 годзе яго арыштавалі НКВДшнікі ды выслалі ў лагер у Пермскай вобласці. Толькі пасля смерці Сталіна дзеяч змог вярнуцца ў Вільню. У 1957 годзе яго рэабілітавалі.
Нарадзінец Арлянятаў вельмі любіў паэзію ды сам спрабаваў пісаць. Зусім па-іншаму ўспрымаюцца ягоныя радкі пасля таго, як удалося пабачыць тое месца, адкуль ён быў родам, пахадзіць тымі сцежкамі, па якіх хадзіў аўтар.
Мне не забыці Край і вёску,
Дзе я радзіўся, падрастаў,
І той загон, тую палоску,
Дзе быдла пасвіць я ганяў.
І тую ў грудах сенажатку,
Дзе ўсходам сонца я касіў,
Як памагаў свайму я татку,
Дзе першы пот я свой праліў.





