Невядомы аўтар стварыў набор стыкераў (гіганцкіх смайлікаў) для Telegram з фота патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, што заўважылі карыстальнікі Facebook. Спампаваць яго можна тут.
Каб спампаваць староннія стыкеры, трэба перайсці па спасылцы на афіцыйным сайце Telergam. Праўда, там няма поўнага спісу — ён ёсць, напрыклад, на неафіцыйным tlgrm.ru.
Раней для Telegram з’яўляліся стыкеры «Бацька», спампаваць іх можна тут. Падобна, што стыкераў з іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі для Telegram ці іншых мэсэнджараў пакуль няма.
***
Мэсэнджар Telegram — бясплатная праграма для абмену паведамленнямі з адкрытым зыходным кодам. Праект вядзе Павел Дураў, мэсэнджар працуе на базе пратаколу MTProto, распрацаванага яго братам Мікалаем.
Стваральнікі заяўляюць аб поўнай крыптастойкасці — паведамленні шыфруюцца так, што самі распрацоўшчыкі не маюць да іх доступу (і, адпаведна, не могуць выдаць перапіску спецслужбам — у адрозненне ад канкурэнтаў).
За ўзлом шыфру распрацоўшчыкі абяцаюць прыз у 300 тысяч даляраў. Пакуль была толькі адна сур’ёзная заяўка на прыз: хакер знайшоў тэкст у незашыфраваным выглядзе ў кэшы Android-праграмы і памяці самога Android. Павел Дураў не прыняў заяўку: ён сцвярджае, што ўразлівасць належыць не мэсэнджару, а Android, і што пры наяўнасці root-доступу (правоў адміністратара, атрымаць якія самастойна можа толькі дасведчаны карыстальнік) можна атрымаць любую інфармацыю, што паказваецца на экране прылады.





