Фота: Scott Eells/Bloomberg
Самая дарагая кампанія свету, Apple на сёння мае рынкавую капіталізацыю ў 656,21 мільярды даляраў. Але яшчэ два тыдні таму было на 90 млдр больш, заўважае CNBC.
Яшчэ 20 чэрвеня акцыі Apple каштавала каля 131 даляра. Потым Apple дала справаздачу па прыбытках. І панеслася: на 6 жніўня акцыі каштавалі ўжо каля 115 даляраў, яны працягваюць падзенне.
Максімальнай рынкавай капіталізацыі Apple дасягнула ў лютым 2015 года — 765 млрд даляраў.
Чым выкліканае падзенне, дакладна невядома. Business Insider мяркуе, што справа ў залежнасці Apple ад продажаў галоўнага прадукту, iPhone, а тэмпы яго продажаў спадаюць. Да таго ж, Apple цяжка даецца рост на кітайскім рынку: там у апошнім квартале куперцінцы па продажах тэлефонаў аказаліся на трэцім месцы пасля кітайцаў Xiaomi і Huawei.
Ёсць і іншыя непрыемныя для Apple моманты: MarketWatch адзначае, што пакупнікі расхацелі купляць Apple Watch, Gizmodo выказвае поўнае расчараванне ў новым сэрвісе Apple Music…
Apple, як і заўсёды, ніяк не каментуе такія заявы, не спрабуе словамі ці справамі ўплываць на рынак каштоўных папер. Яны моўчкі ўкладваюць грошы ў маркетынгавыя кампаніі ды працуюць над наступным прадуктам. Нагадаем: рынкавая капіталізацыя Apple можа радыкальна змяніцца ў любым напрамку ўвосень, калі кампанія (паводле чутак) прадставіць новы ці абноўлены iPhone.





