HD 219134b ва ўяўленні мастака. Тут і ніжэй выявы: NASA/JPL-Caltech
NASA паведаміла аб знаходжанні самай блізкай да Сонечнай сістэмы экзапланеты — HD 219134b. Адлегласць да яе — усяго 21 светлавы год.
На HD 219134b наўрад ці магло зарадзіцца арганічнае жыццё, яна знаходзіцца занадта блізка да сваёй зоркі. Тым не меней, для даследчыкаў такая блізкая планета — сапраўдны скарб.
Планета скалістая, у 1,6 раз большая за Зямлю.
HD 219134b была адкрытая зямным тэлескопам на Канарскіх астравах, затым дэталёва даследаваная касмічным тэлескопам «Спітцэр». З Зямлі яна бачная ля сузор’я Касіяпеі, недалёка ад Палярнай зоркі.
Па словах супрацоўніка навуковай місіі касмічнага тэлескопа «Спітцэр», гэтая планета стане адной з найлепш вывучаных экзапланет у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Іншыя экзапланеты знаходзяцца часцей за ўсё ў сотнях, тысячах светлавых год ад нас.
Тыдзень таму NASA паведаміла пра адкрыццё «Зямлі 2.0» — амаль поўнай копіі Зямлі. Планета добра падыходзіць для зараджэння жыцця. Праўда, ляцець да яе з сённяшнімі тэхналогіямі давядзецца паўмільярда зямных год, ад нас да яе 1400 светлавых год.
Хоць HD 219134b на два парадкі бліжэй, палёт на яе наўрад ці мэтазгодны: 0,0005 светлавых года да Плутона чалавечы апарат ляцеў 9 год.





