Сістэма абароны Аландскіх астравоў ў Балтыйскім моры мае патрэбу ў пераглядзе у сувязі са зменамі геапалітычнай абстаноўкі на Балтыцы, выкліканымі ўкраінскім крызісам і анексіяй Крыма, заявіў у інтэрв'ю некалькім фінскім СМІ міністр абароны Фінляндыі Юсі Ніінісцё.

Ён таксама заявіў, што Фінляндыя рыхтуецца да магчымай акупацыі Аландскіх астравоў «зялёнымі чалавечкамі», г.зн. ваеннымі без апазнавальных знакаў на форме, як гэта адбылося ў Крыме ў лютым-сакавіку 2014 года.

Ніінісцё падкрэслівае, што падрыхтоўка да абароны Аландскіх выспаў не азначае, што ў Балтыйскім рэгіёне ўзрасла небяспека ваеннага канфлікту.

Фінляндыя і Швецыя паглыбляюць абароннае супрацоўніцтва ў адпаведнасці з міжурадавай праграмай, адзначыў ён. Швецыя асцерагаецца расійскага ўварвання на востраў Готланд.

Былы міністр абароны Фінляндыі Карл Хаглунд у інтэрв'ю газеце Kaleva сказаў, што Ніінісцё сваімі заявамі пераследуе палітычныя мэты, але мяркуе, што ў таго ёсць на гэта дастатковыя прычыны.

Прафесар універсітэта Тампэрэ Памі Аальта лічыць, што ў міністра абароны Фінляндыі ва ўмовах падвышанай расійскай ваеннай і прапагандысцкай актыўнасці проста няма іншай альтэрнатывы.

Аландскія астравы населеныя пераважна шведамі і маюць нейтральны дэмілітарызаваны статус. У 1809 годзе Расія захапіла архіпелаг, аднак страціла яго ў ходзе Крымскай вайны ў 1855 годзе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?