Міністэрства эканомікі Беларусі прапаноўвае раздзяліць функцыі дзяржавы як уласніка і як рэгулятара, паведаміў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка на брыфінгу 30 ліпеня. 

Ярашэнка адзначыў, што тэма кіравання дзяржавай сваёй уласнасцю з'яўляецца актуальнай і Мінэканомікі сёння выступае з адпаведнымі прапановамі. «Мы ўносім прапанову падзяліць функцыі дзяржавы як уласніка і як рэгулятара. Наша прапанова заключаецца ў тым, каб у краіне быў асобны орган дзяржкіравання, які б аб'ядноўваў у сабе функцыі кампетэнтнага, эфектыўнага кіравання дзяржаўнай уласнасцю», — сказаў намеснік міністра. 

Паводле яго меркавання, тэма павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржсектарам з'яўляецца вельмі складанай, паколькі неабходна вырашыць кадравае пытанне. «Спатрэбяцца кампетэнтныя кадры, з тым каб кіраваннем у адпаведных органах гаспадарчых таварыстваў з дзярждоляй спецыялісты займаліся як прафесійнай дзейнасцю, а не па сумяшчальніцтве з іншай працай», — падкрэсліў Ярашэнка. 

Паводле яго слоў, пытанні ўдасканалення карпаратыўнага кіравання прадпрыемстваў з дзярждоляй сёння разглядаюцца на ўзроўні Міністэрства эканомікі і Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. 

«У канчатковым выніку неабходна забяспечыць эфектыўнае кіраванне, а самае галоўнае — эфектыўнае функцыянаванне дзяржаўнага сектара», — рэзюмаваў Ярашэнка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?