Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да непрацоўнага жыхара Валожынскага раёна 1995 года нараджэння, які абвінавачваецца ў замаху на наўмыснае знішчэнне маёмасці ААТ «Валожынскі льнокамбінат». Злачынства было ўчыненае 25 студзеня.

Паводле звестак афіцыйнага прадстаўніка УСК па Мінскай вобласці Таццяны Беланог, устаноўлена, што ў канцы снежня мінулага года мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, груба парушыў грамадскі парадак і ўчыніў хуліганскія дзеянні, што суправаджаліся насіллем у дачыненні да грамадзяніна. У канцы студзеня паддоследны быў затрыманы па факце знішчэння маёмасці Валожынскага льнокамбіната. Следствам устаноўлена, што абвінавачаны, былы работнік прадпрыемства, з-за непрыязных адносінаў з кіраўніцтвам, прычынай для якіх паслужыла звальненне, у стане алкагольнага ап'янення пранік на тэрыторыю аб'екта, дзе газавай запальніцай падпаліў ільнотрасту. Пажарам было знішчана прыкладна 1000 тон ураджаю. Урон склаў 3,8 млрд рублёў.

Паводле вынікаў расследавання дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя як злоснае хуліганства і замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры. Мера стрымання з моманту яго затрымання не змянялася — узяцце пад варту.

Следчы аналіз па ўстанаўленні прычын і ўмоў учынення злачынства паказаў, што на прадпрыемстве адсутнічаюць выразная сістэма аховы і тэхнічныя сродкі кантролю тэрыторыі. На адрас кіраўніцтва льнокамбіната накіраваная дакладная запіска аб ліквідацыі выяўленых падчас расследавання недахопаў і прыняцці мер па паляпшэнні тэхнічнай умацаванасці тэрыторыі аб'екта, забеспячэнні належнага кантролю і захаванасці маёмасці.

Крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?