Беларуская дэлегацыя не падтрымае пункт аб анексіі Крыма ў рэзалюцыі, якую плануецца прыняць на 24-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Аб гэтым заявіў журналістам 26 чэрвеня намеснік старшыні палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі — прадстаўнік Беларусі на сесіі ПА АБСЕ.Сесія пройдзе 5—9 ліпеня ў Хельсінкі. Праект рэзалюцыі агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы размешчаны на сайце ПА АБСЕ. 

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да Расіі «адмяніць анексію Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль ва Украіне», а таксама адзначаецца неабходнасць выканання прынцыпаў непарушнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці, мірнага ўрэгулявання спрэчак, роўнасці правоў і самавызначэння народаў. 

«Мы будзем ісці ў фарватары нашай агульнай пазіцыі па гэтым пытанні, — сказаў Гумінскі. — Мы за гэтае пытанне не галасавалі ні ў ААН, ні на саміце Усходняга партнёрства. Мы заявілі, што не можам за гэты пункт галасаваць, таму наша пазіцыя (на сесіі ПА АБСЕ) будзе адпаведнай».

У рэзалюцыі, якую плануе прыняць сесія ПА АБСЕ, таксама ўтрымліваецца заклік да ўсіх бакоў кіравацца мінскімі дамоўленасцямі. 

Наконт гэтага Гумінскі заявіў: «Мы не проста будзем падтрымліваць мінскія пагадненні, мы агучым нашу пазіцыю, каб гэтая 24-я сесія не аддаляла нас адзін ад аднаго, найперш Расію і Украіну, а перш за ўсё, каб зрабіць крокі па збліжэнні, каб працаваць у кірунку выканання мінскіх дамоўленасцей, каб парламентарыі сталі таксама асновай, як і палітыкі, для выканання абавязацельстваў па мінскіх пагадненнях».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?