Навукоўцы Федэральнай політэхнічнай школы Лазаны (Швейцарыя) прадставілі дыстанцыйна кіраванага праз нейраінтэрфейс рухомага робата, апісанне якога апублікавалі ў Proceedings of the IEEE.

Пацыенту трэба толькі надзець шлем з электродамі і ўявіць, куды робату рухацца. У адрозненне ад іншых падобных робатаў, не трэба цалкам кантраляваць ўсе дзеянні — робат можа, напрыклад, ўласнымі сэнсарамі заўважыць перашкоду і аб’ехаць яе.

Праект ажыццявілі ў дзвюх версіях. Адна з іх — кантраляваны думкамі інвалідны вазок, які можа транспартаваць пацыента. Другая — «аватар» чалавека, кантраляваны думкамі вазок з ноўтбукам, на экране якога іншыя людзі пабачаць твар пацыента і змогуць паразмаўляць з ім (для сувязі выкарыстоўваецца Skype).

Як і ў выпадку іншых нейраінтэрфейсаў, камп’ютар спачатку трэба навучыць канкрэтным думкам чалавека — звязаць зафіксаваную актыўнасць мозгу з дзеяннямі. У выпадку робата-аватара аналізаваліся энцэфалаграмы, электраміаграмы і электрычныя рэакцыі мозгу на знешнія раздражняльнікі ці выкананне канкрэтнай задачы. Сярод дабраахвотнікаў былі 10 здаровых людзей і 9 цалкам паралізаваных.

Пасля «перакладу» думак для камп’ютара паддоследным спатрэбілася яшчэ 10 дзён, каб навучыцца кантраляваць робата (як у мадыфікацыі інваліднага вазка, так і робата-аватара). Кантраляваны думкамі інвалідны вазок значна расшырыць самастойнасць паралізаваных людзей. Робат-аватар сёння можа падацца забаўкай, але яго ў тэорыі можна спалучыць з маніпулятарам-рукой, кіраваць якім таксама можна сілай думкі.

Чытайце таксама: Электроды ў мозгу дапамаглі перакласці думкі ў словы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?