Беларускі футбаліст кіеўскага «Дынама» Валянцін Бялькевіч, што памёр у жніўні мінулага года, стараўся не афішаваць і не абмяркоўваць асабістае жыццё. Доўгі час заўзятары ведалі толькі тое, што спадарожніцу жыцця вядомага ў мінулым паўабаронцы клічуць Алеся.
Толькі праз год пасля смерці знакамітага дынамаўца яго ўдава вырашылася ўпершыню распавесці іх сумесную гісторыю, піша kp.ua.
— Алеся, вы былі разам з Валянцінам амаль 20 гадоў, але ніколі публічна не каментавалі свае стасункі. Чаму?
— Вы, напэўна, ведаеце, што Валік негатыўна ставіўся да журналістаў. Яшчэ з часоў гісторыі з дыскваліфікацыяй (у 1994 годзе), калі яго абвінавацілі ва ўжыванні допінгу, хоць сваю віну ён не прызнаў, але прэса смакавала тэму. Я прыняла яго пазіцыю і да сённяшняга дня са СМІ таксама не кантактавала. Мабыць, мне гэта перадалося ад яго (усміхаецца).
— Раскажыце, як вы пазнаёміліся?
- У 1996 годзе, літаральна праз тыдзень пасля яго пераезду з Беларусі ва Украіну. Я сябравала з Андрэем Шаўчэнкам, дакладней, з яго тагачаснай дзяўчынай, вось яны нас і пазнаёмілі. Наша сустрэча была азмрочаная тым, што ў той час я была замужам. Але Валянцін неяк лёгка вырашыў гэтую праблему. Ён мне сказаў: «Вось квіткі на Сейшэльскія выспы, у цябе ёсць два месяцы, каб прыняць рашэнне: або ты ляціш са мной, або цябе наогул у маім жыцці няма». І я рашылася.
Майму сыну ад першага шлюбу ў той час было паўтара года. Усё жыццё мы спрабавалі нарадзіць яшчэ адно дзіця, але, на жаль, Бог нам не даў …
— Валянцін не ўсынавіў вашага сына?
— Не, бо ва Уладзіміра ёсць родны бацька. Але Валік настаяў, каб сын з першага дня жыў з намі. Цяпер у Вовы той жа стыль адзення, што ў Валянціна, ён карыстаецца той жа парфумерыяй, яны нават вонкава падобныя. Гэта не спецыяльна, проста ён рос побач. Уладзіміру 20 гадоў. Ён вучыцца ў Міжнародным універсітэце Жэневы, вывучае бізнэс і менеджмент.
Я вам скажу, што ў нас былі вар'яцкія адносіны з Валянцінам. Пра нашу гісторыю кахання ведае ўся каманда кіеўскага «Дынама» таго часу: Каладзэ, Раброў, Шаўчэнка … Мы ўсе жылі ў адным доме, на праспекце Перамогі.
(…)
— Алеся, раней вы ніколі не выказваліся з нагоды суперніцтва з Ганнай Седаковай [экс-салістка ВІА ГРА]…
— Я ніколі не лічыла яе суперніцай. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але мы з ёй — зусім рознага ўзроўню, я па-іншаму выхавана.
Калі ўсё гэта здарылася (шлюб Бялькевіча і Седаковай у 2004 годзе), Валік да мяне вярнуўся літаральна праз пару месяцаў, можна сказаць, і не сыходзіў. Ганна ж сама казала ў сваіх інтэрв'ю, што ён да яе, падчас яе і пасля яе любіў адну і тую ж жанчыну. А цяпер раптам аказваецца, што гэта я разлучніца.
Вядома, мне ўсё гэта непрыемна. Больш таго, я з 2004 года не гляджу тэлевізар, такі стрэс тады перажыла. І маё дзіця таксама.
Бо палова Кіева лічыла, што Валянцін — родны бацька Вовы.
Уявіце, як было маленькаму 9-гадоваму хлопчыку, калі ў яго пыталіся: «Твой тата што, да пявічкі пайшоў?». У сына была істэрыка.
Зараз я не хачу нікому помсціць, мне ад «віягры» нічога не трэба. Я толькі прашу, каб імя Валянціна не палівалі брудам.
Удава Валянціна успамінае, як Бялькевіч быў аддадзены Кіеву і «Дынама».
— Даўно, у 2004 годзе, была такая гісторыя - успамінае Алеся. -мне асабіста патэлефанаваў Рынат Ахметаў і сказаў: «..Леся, я ведаю, што ты маеш ўплыў на Валянціна, хоць вы цяпер і не разам, пастарайся ўгаварыць яго перайсці да мяне ў «Шахцёр» Я буду плаціць яму заробак у 2 разы больш, чым ён атрымлівае ў «Дынама».
Я сустрэлася з Валікам і кажу:
— Чаму ты адмаўляешся? Гэта ж спорт!
А ён мне адказаў:
— А заўзятары што скажуць? Як я наогул змагу выходзіць на поле супраць кіеўскага «Дынама»?!
— І такім быў яго вобраз думак і характар ва ўсім, - працягвае Алеся. — Я не кажу, што ён анёл, ніхто з нас не анёл. Але былі ў яго рысы, якія сапраўды вельмі рэдка сустракаюцца ў людзях.
— Мама хацела пахаваць Валіка ў Мінску — дадае Алеся. — Але я настаяла, каб яго магіла была ў Кіеве. Усе выдатна ведаюць, што ў Валянціна быў свабодалюбівы характар. Калі б ён не хацеў жыць ва Украіне, ён бы тут не заставаўся.