Фота: android-developers.blogspot.com

Фота: android-developers.blogspot.com

Карпарацыя Google правяла штогадовую канферэнцыю Google I/O, на якой прадставіла новую версію самай папулярнай мабільнай аперацыйнай сістэмы Android.

Android M — яшчэ не канчатковая назва. Калі аперацыёнка выйдзе для карыстальнікаў у трэцім квартале 2015 года, яе назву дапоўняць якім-небудзь «салодкім» словам, як тое было з Android L/Lollypop.

Android M ужо можна загрузіць у папярэдняй версіі на смартфоны і планшэты Nexus 5, 6 і 9. Калі новая версія з’явіцца на іншых апаратах — залежыць ад іх вытворцаў.

Як сцвярджаюць у Google, новая версія Android мае больш за 10 змен і паляпшэнняў. Найбольш на прэзентацыі звярталі ўвагу на наступнае:

Можна будзе самому абраць, што дазваляць праграмам

Каб працаваць на смартфоне, праграме надаюць дазволы: Instagram мусіць мець доступ да камеры, навігатар — да GPS. Але часам які-небудзь бяскрыўдны каляндарык хоча атрымаць доступ да вашых кантактаў і магчымасці высылаць платныя SMS.

У новым Android аб жаданні праграмы нечым скарыстацца вы даведаецеся не ў працэсе ўсталёўкі, а тады, калі праграма захоча скарыстацца канкрэтнай функцыяй. Viber хоча доступ да інтэрнэту — добра, яму трэба. Калькулятар хоча патэлефанаваць — не, не дазваляем. Мяняць ужо прынятыя вырашэнні можна будзе ў наладах.

Не трэба будзе абіраць, праз якую праграму адкрыецца спасылка

Калі вы будзеце, напрыклад, з Facebook адкрываць спасылку на сайт ў новым Android, яна не проста адкрыецца ў браўзеры паверх Facebook. Спасылка адкрыецца ў новым вакне накшталт браўзера ў самой праграме, браўзер не будзе запускацца асобна.

Новы Android таксама не стане пытаць, ці адкрываць спасылку на твіт, што вы атрымалі па пошце, праз браўзер ці кліент Twitter. Аперацыйная сістэма сама вызначыць, ці ёсць на апараце праграмы, што найлепей адкрываюць спасылкі такога тыпу.

Плацяжы і адбіткі пальцаў упарадкуюцца

Падтрымка сканераў адбіткаў пальцаў на розных апаратах будзе стандартызаваная. Цяпер распрацоўшчыкам будзе прасцей пісаць завязаныя на адбіткі пальцаў праграмы адначасова для Samsung, HTC, Huawei і любых іншых тэлефонаў. Адбіткам пальца можна будзе не толькі разблакаваць тэлефон, але і пацвердзіць плацёж.

Самі плацяжы таксама будуць упарадкаваныя: як і Apple, Google завядзе сваю плацёжную сістэму Google Pay. Аплату праз NFC ужо падтрымліваюць амерыканскія мабільныя аператары, Visa, Mastercard, American Express, Discover, а таксама 700 тысяч крам у ЗША.

Тэлефон стане эканоміць батарэю яшчэ трошачкі лепш

Калі уключаны тэлефон проста ляжыць на стале, у яго «мозгу» працягвае адбывацца бурная дзейнасць — «УКантакце», Facebook, Twitter, Instagram, Skype, Viber і ўвесь астатні «заапарк», што вы ўсталявалі, па чарзе правярае наяўнасць абнаўленняў. І траціць на гэта зарад акумулятара.

Новая функцыя пад назвай Doze упарадкуе пошук абнаўленняў пры «ляжачым» рэжыме. Калі вы не карыстаецеся тэлефонам, ён будзе правяраць толькі самае важнае і радзей «прачынацца», што зможа зэканоміць да паловы зараду пры неактыўным выкарыстанні.

Безлімітнае сховішча агромністых фота і відэа

Гэта не зусім змена ў аперацыёнцы: гэта праграма, даступная ўжо сёння. Google Photos дазваляе загружаць фота разрозненнем да 16 Мп і відэа да 1080p у асобнае воблачнае сховішча. Абмежаванняў па колькасці няма. Здымкі можна сартаваць па часе, месцы і людзях на іх. Раней праграма была часткай сацсеткі Google+.

Праграма захавала магчымасць аўтаматычнай і ручной апрацоўкі фота. То значыць, вы можаце загрузіць фота ў сховішча і праграма сама зробіць іх максімальна прыгожымі. А можаце самастойна апрацаваць здымак у даволі функцыянальным рэдактары (больш «наварочаным» за Instagram).

Дробныя змены

У новым Android будзе рэалізаваная падтрымка USB Type C — такога порта для зарадкі і перадачы інфармацыі, у які кабель можна ўстаўляць любым бокам. Падобным чынам рэалізаваны порт у новых iPhone. Да таго ж, вы зможаце падключыць смартфон да планшэта і абраць, хто каго стане падзараджаць.

Асістэнт Google Now стане яшчэ разумнейшым. Ён стане разумець вас у старонняй праграме. Калі вы ў Spotify праглядаеце старонку выканаўцы, можна будзе сказаць «OK, Google, як яго сапраўднае імя?». А калі вас па пошце запросяць у кавярню, Google падрыхтуе картку гэтай кавярні з інфармацыяй пра яе, мапай, а то і меню.

Браўзер Google Chrome абяцаюць зрабіць хутчэйшым. Пры дрэнным злучэнні ён падбярэ, наколькі якаснымі загружаць карцінкі — калі сігнал слабы, старонкі будуць грузіцца сціснутымі (кажуць, аж да 80% менш трафіку).

Карты Google Maps навучацца падтрымліваць галасавую навігацыю нават пры адсутнасці інтэрнэту. А Youtube зможа без інтэрнэту паказваць папярэдне запампаваныя відэа.

Шэраг дробных абнаўленняў атрымала і версія Android для насімай электронікі Android Wear. У дадатак да яе з’явілася асобная праграма для «разумнага ўсяго» Project Brillo — праграмістам будзе прасцей звязаць у адну сістэму смартфон, планшэт, разумны гадзіннік, разумную лямпачку, машыну, хоць разумны тостар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?