Інжынеры прадставілі ў часопісе Nature робата, здольнага адаптавацца да траўмаў — павукападобны механізм зможа зразумець, як яму хадзіць з некалькімі зламанымі канечнасцямі і як перасоўваць рэчы пераламаным маніпулятарам.

Алгарытм рэакцыі на канкрэтныя траўмы не зададзены загадзя — робат абірае шэраг мадэлей руху і эксперыментальным шляхам знаходзіць найлепшую.

На стварэнне такой рэакцыі на траўмы інжынераў натхнілі жывыя істоты: пры траўме яны не вучацца хадзіць «з нуля», а інтуітыўна падбіраюць мадэлі руху і затым эксперыментуюць, каб абраць найлепшую.

Так і робат без знешняй дапамогі ацэньвае даступную яму інфармацыю пра пашкоджанні і правярае розныя магчымасці працягваць дзейнасць. Калі не атрымаецца хадзіць на пярэдніх лапах — паспрабуе хадзіць на задніх.

Навыкі самастойнай адаптацыі да траўмаў будуць асабліва карыснымі на іншых планетах. Сувязь з марсаходам ідзе з вялікай затрымкай (ад 4 да 22 хвілін) і даступная не ўвесь час (каля 16 з 24 гадзін на дзень). Тым больш чалавек пакуль не мае магчымасці аператыўна злятаць на Марс, каб уласнаруч парамантаваць зламаную ручку Opportunity ці Curiosity.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?