22-гадовага грамадзяніна Беларусі Маскоўскі акруговы вайсковы суд асудзіў да двух гадоў калоніі-пасялення за радыкальныя антырасійскія заклікі, змешчаныя Укантакце.

Малады чалавек быў прызнаны вінаватым па артыкуле «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго». У Расіі справы па гэтым артыкуле падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суда, нават калі абвінавачаны — цывільная асоба.

Сісадмін публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы тэксты і малюнкі у падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай агрэсіі.

У прыватнасці, заяўляе пракуратура, ён заклікаў «вярнуць Крым Украіне». Былі там і іншыя радыкальныя выказванні. Цалкам прысуду ніхто пакуль не бачыў — як паведамілі журналістам у судзе, дадзены прысуд не падлягае публікацыі на сайце. Не мае прысуду і адвакатка Сілівончыка Юлія Баранец.

Урыўкі з прысуду, тым не менш, апублікавала ў Фэйсбуку беларуская журналістка Кацярына Кібальчыч, што працуе на расійскім Першым канале.

Блізкія і дзяўчына Сілівончыка падтрымлівалі яго, але спачатку маўчалі, бо баяліся рэакцыі. Аднак цяпер і яны пачынаюць гаварыць.

«Для мяне гэта загадка, бо сын анідзе і ані ў чым не ўдзельнічаў, — расказала ў інтэрв'ю радыё «Свабода» Наталля Сілівончык, што жыве ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці і працуе ў сталоўцы. — У Маскве наймалі адвакатаў у абарону Кірыла. Усё ішло да таго, што абыдзецца штрафам. Але вайсковы суд павярнуў па-іншаму. Такіх палітычных разглядае вайсковы суд. Мы не падавалі касацыйную скаргу, бо гэта мінімальнае пакаранне, якое маглі даць».

Наталля Сілівончык на суд не ездзіла, бо здароўе ў яе не найлепшае. Кірыл наказаў ёй не прыяжджаць. Паездка ж вымагае вялікіх грошай — і на квіткі, і на начлег. Маці дазналася ад адваката, у чым звінавацілі сына: «Адвакатка сказала, што ён пісаў нешта ў артыкуле, каб Украіна й Беларусь ядналіся супраць агрэсіі Расеі. Украінская тэма — яна даволі актуальная, і шмат моладзі пра гэта выказваецца. Але чамусьці іх не арыштоўваюць і не саджаюць, а вось Кірыл папаўся. Закрадаюцца такія думкі: штосьці тут не так, бо казалі ж, што там нічога такога крымінальнага няма. І тут хапнулі. Ну што гэтыя мае тэлефанаванні? Каб я магла быць на месцы, а то магла б і са следчым пагутарыць, і з сябрамі».

Сілівончык працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе сістэмным адміністратарам завода. Затрымалі яго з сябрамі, але што з імі, пакуль невядома. 

Маці не верыць у тым, што сын заклікаў да тэрарызму. Кажа толькі, што не варта было нешта дрэннае пісаць пра Расею, калі ў ёй жывеш і працуеш.

Сына свайго Натальля Сілівончык ведае як шчырага патрыёта Беларусі. І называе «нацыяналістам» — у добрым сэнсе гэтага слова:

«Ён «нацыяналіст» — на беларускай мове размаўляе. Ён нават пытаўся: «Мама, як ты ставішся да таго, што я размаўляю на беларускай мове?» Я кажу: «Добра, добра. Маладзец! Беларуская мова наагул губляецца, а яна павінна развівацца. Прагрэс павінен быць». Цяпер атрымліваецца так, што нават беларусы не могуць расейскае слова перакласці на беларускае. Нават чытаць некаторыя па-беларуску не могуць. І размаўляюць хіба на мясцовым дыялекце. Так што яго беларускую мову я толькі вітала».

Натальля апавяла, што ў яе трое дзяцей. Муж памёр у сярэдзіне 90-х. Кірыл наймалодшы з дзяцей — у чэрвені яму будзе толькі 23 гады. Ён скончыў у Гомелі машынабудаўнічы каледж па спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». І паступіў на завочнае навучанне ў Гандлёва-эканамічны ўніверсітэт. 

«Працы [ў Гомелі] не было. Разумееце, ён год знемагаўся. А там ён зрабіў замоўшчыку праграму — як праграміст. Ён ім спадабаўся. Канечне, ездзіў спачатку на пробныя заданні. Ён, як выявілася, руплівы, адказны. Так і застаўся», — расказвае маці.

Маці ўдзячная ўсім, хто праз інтэрнэт уздымае голас за вызваленне сына, які цяпер у СІЗА ў Ніжнім Ноўгарадзе. Толькі ёй не надта верыцца, што гэта нешта зменіць у Кірылавым лёсе, бо ў Расеі свае законы, свае парадкі: «Што ў сына прыхільнікі ёсць — за гэта вялікі дзякуй. Але ў мяне сумнеў ёсць, што гэта дапаможа. Магчыма, каб ён быў у Беларусі, то — так, можа, і дапамагло б. А там жа Расея. У іх свае законы, у нас — свае. І, ведаеце, магчыма, больш на гэтую тэму і гаварыць не буду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?