Ігар Скрыпка застаўся ў захапленні ад Карпат.
Прэм'ера ўкраінскага тэлесерыялу «Апошні маскаль» адбылася 14 красавіка. Над ім працуе «1+1 Прадакшн».
Серыял распавядае пра маскоўскага хлопца Валеру, якога лёс змусіў знайсці сваякоў сярод карпацкіх гуцулаў. Валера сустрэне і стэрэатыпнае стаўленне да «маскалёў», і сапраўднае каханне.
«Апошні маскаль» паказваецца не толькі па ТВ, але і выкладваецца ў вольны доступ на Youtube:
Ролю «маскаля» Валеры ў серыяле выконвае расійскі акцёр Ігар Скрыпка. «Наша Ніва» распытала акцёра пра серыял і яго стаўленне да слова «маскаль».
— Вы нарадзіліся ў Сызрані, вучыліся ў Маскве, выконвалі ролі ў расійскіх серыялах. Як вас занесла ў Карпаты?
— У Карпаты я прыехаў на цягніку з Кіева ў Івана-Франкоўск разам са здымачнай групай. Быў там усяго тры дні і ўсе дні працаваў. Вось так мяне і занесла ў Карпаты (смяецца).
— Ці крыўдзіцеся вы на слова «маскаль»?
— Не, не крыўджуся. Я спакойна стаўлюся да такога кшталту моўных выразаў-этнонімаў. Жыццё — такая цікавая і дзіўная штука, што глупства марнаваць яго на крыўды і ўсялякія дурасці.
— Вы ведаеце ўкраінскую мову? Вучылі яе адмыслова ці і так разумееце?
— Да здымак ведаў толькі некалькі песень па-ўкраінску, што выконваў яшчэ ў навучальным тэатры ГІТІСа. Мову вучыў падчас здымачнага працэсу, партнёры ў кадры гавораць па-ўкраінску! І я стаў праз нейкі час разумець і нават размаўляць па-ўкраінску.
— Вы знаёміліся з сапраўднымі гуцуламі, іх традыцыямі? Як уражанні ад украінскіх Карпатаў?
— Жыхароў Карпатаў бачыў толькі падчас здымак, спецыяльна не знаёміўся, не было калі. Ад Карпатаў выдатныя ўражанні. Чыстае паветра, прыгожая прырода, цудоўныя пейзажы, смачная ежа.
— Калі не сакрэт, у вашага героя Валеры ў амурных сэнсе ўсё калі-небудзь складзецца ўдала ці чакаць пастаяннай драмы?
— Не хацелася б раскрываць інтрыгу! Гісторыя у Валеры больш чым цікавая — і любоўная, і сацыяльная. З кожнай серыяй падзеі будуць развівацца і ўскладняцца, у любым разе, усё ў яго руках. Драматычныя моманты таксама будуць!
— Хацелі б апынуцца на месцы свайго героя?
— Я заўсёды падзяляю героя і сябе, намагаюся любіць свайго героя, прыняць і зразумець усе яго бакі. Быць можа, мне было б цікава апынуцца на яго месцы, але я не ўпэўнены, што ў мяне складзецца ўсё так жа, як у яго. Валера — гэта Валера, а я — гэта я.
— Пасля гэтага серыяла вернецеся ў расійскае кіно ці працягнеце здымацца ва Украіне?
— Я нікуды і не сыходзіў, каб вяртацца. І да, і падчас, і пасля здымак у гэтым серыяле, што праходзілі восенню мінулага года, у мяне была праца і ў кіно, і ў тэатры, і зараз ёсць. Я заўсёды адкрыты да прапаноў, незалежна ад месца здымак. Галоўнае — добры сцэнар.





