На 42-м годзе памёр Уладзімер Банько (Вова Банкер, Ярыла Пшанічны). Ён стварыў музычны праект «Барадаты Грынвіч», быў паэтам, графікам, перформерам. Удзельнічаў у анархісцкім руху. Быў беларусам ад сэрца.

У музычных колах ён быў вядомы як Вова Банкер, у паэтычных — як Ярыла Пшанічны.

Уладзімер памёр абсалютна раптоўна — на выходныя паехаў з Мінска ў пасёлак Нарач (Кабыльнік), каб наведаць магілы дзядулі і бабулі, піша Tuzin.fm. Папярэдняя прычына смерці — адарваўся тромб, кажуць сябры памерлага.

Нарач. Апошняе фота, якое нябожчык змясціў у сваім Фэйсбуку за дзень да смерці, 18 красавіка.

Нарач. Апошняе фота, якое нябожчык змясціў у сваім Фэйсбуку за дзень да смерці, 18 красавіка.

«Я проста ў шоку, так рана сысці… Вову я ведаў з часоў гурту «Барадаты Грынвіч», фэсту «Сіні Перац», з тых часін пранікліся адзін да аднаго, апошнія гады выступалі разам. Не магу паверыць, што яго няма з намі», — кажа лідар гурту «Князь Мышкін» Леанід Нарушэвіч.

«Пахаванне пройдзе 21 красавіка а 14.00 там на Нарачы, дзе ляжаць яго продкі. Вова, будзь спакойным. Мы любім цябе», — зазначае Дзмітры Ладзес.

Шакаваныя сябры Банкера пішуць цёплыя словы ў ягоную стужку на Фэйсбуку.

«Пайшоў у вечнасць файны, заўсёды аптымістычны чалавек», — піша Серж Мінскевіч.

«Бывай, слаўны Мершбоў…» — піша Весялін Румянцаў.

«Валодзя думаў пра новую кнігу, распавядаў пра сваю працу, звязаную са спадарожнікамі, хваліў сваю дачку, якая займаецца жывапісам, і хацеў, каб яна занялася камп’ютарным дызайнам», — піша Зміцер Вішнёў.

«Збіраліся разам на выходныя паехаць да мяне на Лысую Гару, па «вінілы», не сабраліся. Апошнія фота Вовы Банкера з Нарачы: https://www.facebook.com/vabanker?fref=ts. Вечная памяць, Валодзя Банько, легендарны паэт-трыбун, анархіст, музыка, мастак. Арт-правакатар, мадэратар, аматар перфомансаў. Аўтар унікальнай кнігі вершаў на трасянцы «Пішчавыя лішкі»», — так піша пра яго Сяржук Сыс.

Банкер выступаў у складзе экспрыментальных музычных праектаў Karaoke Vomit, Roomdark, «Барадаты Грынвіч», «Князь Мышкін». 

Апошнія рэлізы Банкера – Roomdark – Frothiness і Golova & Roomdark – Snow

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?