Усё пачалося з таго, што на маршрутках Салігорск-Мінск пачалі масава клеіць значкі прысутнасці бясплатнага Wi-Fi. І колькі б я не ездзіў, яго ніколі не было, бо «пакуль не паставілі», «літаральна сёння зраніцы паламалася» і г.д.

Так было і гэтым разам, сеў на маршрутку ў горад-герой і запытаў пароль ад Wi-Fi. Кіроўца даволі агрэсіўна адказаў, што яшчэ не паставілі. «Дык а чаго клеіце?» — пытаюся. Мужык заяўляе, што гэта не мая справа, і калі мне нешта не падабаецца — я магу выходзіць.

Спыняе бусік, адчыняе дзверы і кажа што далей не паедзе, пакуль я не выйду. Праз хвіліну пытаецца, ці збіраюся я выходзіць, пачуўшы адмоўны адказ, пачынае ехаць далей і выдае нешта кшталту «Не тваё дела, заср*нец, едь і не умнічай».

Я, добра так прыхудзеўшы, кажу, што ён можа так сваіх дзетак называць, а з сабою я такога стаўлення не дапушчу. Кіроўца паўторна спыняе бус і ледзь не за шкірку выцягвае мяне з салона. Будучы ў поўным кагнітыўным дысанансе, паспяваю зрабіць фотку нумароў маршруткі, пакуль тая ад'язджае.

Ліхаманкава пачынаю думаць, што можна зрабіць у такой сітуацыі. Спрабую набраць дыспетчару фірмы-перавозніка, каб даведацца, куды магу прыйсці напісаць скаргу ў адпаведнай кнізе. У адказ чую, што ў іх адраса няма, і кнігі таксама, і мне лепш набраць дырэктару. Дырэктар яшчэ раз паўтарае, што кнігі ў іх няма, бо яны проста аб'ядноўваюць розных ІП, а ў іх кніга ў кожнага свая. Пытаюся, а чаму ж на маршрутцы былі наклейкі менавіта гэтай фірмы. Уцямнага адказу я не пачуў.

Гуглю ў тэлефоне кантакт Таварыства абароны правоў спажыўцоў. Жаночы голас, уся інтанацыя якога сведчыць, што ўласна абарона правоў спажыўцоў яму глыбока фіялетавая, раіць звярнуцца ў райвыканкам па месцы здарэння. Пасіба, Кэп, ага.

Разумеючы ўсю гібласць гэтай задумы, усё ж кіруюся ў Салігорскі райвыканкам. Там, у аддзеле гандлю і паслуг, я даведваюся, што абаронай правоў спажыўцоў займаюцца толькі па серадах і чацвяргах. І ўвогуле, яны займаюцца толькі гандлем і паслугамі, а мне трэба да спецыялістаў, што абслугоўваюць транспарт, бо гэта не іх кампетэнцыя.

У адказ на маю сціплую заўвагу, што пасажырскія перавозкі — гэта і ёсць паслуга, я атрымліваю гнеўны адказ «Молодой человек, не надо учить меня делать мою работу» і спапяляючы позірк. І ўвогуле, аказваецца, мне трэба ісці ў падатковую і міліцыю, а не да іх.

Заўважаю, што мне, відаць, прыйдзецца тэлефанаваць на гарачую лінію Мінаблвыканкаму, бо па месцы прапіскі мне дапамагчы не могуць. «А чего это вы мне Минском угрожаете?!» — выдае чыноўніца, але ўсё ж папускаецца і спрабуе хаця б зрабіць выгляд, што спрабуе мне дапамагчы. Тэлефануе некуды ў недры райвыканкаму і даведваецца, што транспартам займаецца ў аддзеле эканомікі нейкая Каця, таму мне трэба туды — да канца калідора і направа («Что я, обязана что ли знать все номера кабинетов?!»).

У аддзеле эканомікі Каця паведамляе мне, што транспартам яна займаецца, але грузаперавозкамі не, а мне трэба вяртацца ў 238-мы кабінет, адкуль мяне накіравалі. У 238-м кабінеце ўжо сабралася нарада з двух «спецыялістаў», якія абмяркоўвалі, што са мною рабіць.

Вырашылі патэлефанаваць дыспетчару перавозчыка і высветліць сітуацыю. Перагаворы з дыспетчарам зацягнуліся хвілін на дзесяць, прычым з таго боку, мякка сказаць, пакрыквалі, так што я, нават седзячы насупраць вядучага спецыяліста аддзела гандлю і паслуг, чуў, што я, аказваецца, быў агрэсіўны і лаяўся матам.

Чыноўніца некалькі разоў прапаноўвала перавозчыку вырашыць праблему мірна, бо інакш мне прыйдзецца ісці ў 218-ы кабінет і пісаць скаргу (гэта казалася з такім тонам, нібыта 218-ы кабінет — гэта скрайняя мера, і пасля яе будзе атата і гамон фірме). На тым боку суразмоўца ўпарта не мог уцяміць усяе моцы 218-га кабінету, і перагаворы не клеіліся.

На пачатку дзясятай хвіліны ў аддзел гандлю і паслуг зайшла яшчэ адна чыноўніца, і, даведаўшыся, што адбываецца, пачала пераконваць скончыць перамовы, бо транспарт — гэта не іх кампетэнцыя. У выніку словамі «Ну всё, я отправляю его в 218-й кабинет» перагаворны працэс быў скончаны. Перагаворшчыца запытала ў мяне, ці сапраўды я лаяўся матам, але пасля аргументу, што калі б я лаяўся — то ў райвыканкам бы не пайшоў, пагадзілася і накіравала ў той самы 218-ты кабінет.

А ў тым кабінеце мне са старту сказалі, што я няправільна прыйшоў да іх і мне трэба вяртацца ў 238-ы. Не, кажу, мне дакладна да вас. Тут заходзіць некая начальніца, чуе нашую размову і пытаецца, што адбылося. Раз дзясяты за апошнюю гадзіну коратка распавядаю, у чым праблема.

Пакуль я распавядаю, начальніца робіць некалькі званкоў у нетры райвыканкаму, не пакідаючы надзеі кудысьці мяне сплавіць. Але аказваецца, што сплавіць мяне не атрымаецца, і гэта яна павінна мной займацца. Чыноўніца робіць незадаволены выраз твару, і паведамляе, што я павінен напісаць падрабязную скаргу, бо мае словы «к делу не подошьёшь». Мне выдаюць аркушык і асадку, і адпраўлюць пісаць уніз, каб не замінаў іх працы.

Пакуль складаю скаргу, мне набірае незнаёмы нумар. Мужчынскі голас прадстаўляецца ўладальнікам таго буса, адкуль мяне высадзілі. Кажа, што яму толькі цяпер паведамілі пра гэты непрыемны інцыдэнт, і што яму вельмі непрыемная сітуацыя, ён цалкам на маім баку, выдатна разумее, што такая сітуацыя абсалютна не дапушчальная, і ён трытысячыкратна перапрашае, вельмі просіць скаргу не рэгістраваць і гатовы на любых маіх умовах мірна вырашыць канфлікт.

Праз пятнаццаць хвілін мы п’ем каву з Аляксандрам, які аказваецца прафесійным баксёрам. Бізнесовец жаліцца, што падчас крызісу заробкі і так упалі, а такая сітуацыя можа цалкам зруйнаваць добрае імя фірмы, на якое яны працуюць шмат год. Кіроўца, які высадзіў мяне, аказваецца «залётным», і ў яго ўжо было не адно папярэджанне, а сёння была апошняя кропля і ягоны апошні працоўны дзень. Каб згладзіць віну свайго працоўніка, Аляксандр прапануе бясплатна завезці мяне ў Мінск на бліжэйшай маршрутцы, што адправіцца праз 20 хвілін.

Пакуль чакалі яе, разгаварыліся «за жысць». Бізнесовец даўно марыць зваліць з «этой страны», але пакуль не можа, бо даглядае бацьку-інваліда. Доўга не можа ўцяміць, навошта я вярнуўся ў РБ пасля шасці гадоў жыцця за бугром. Больш за ўсё ў Беларусі яму не падабаецца менталітэт гэтага «народца», і сённяшні канфлікт красамоўна пацвярджае ягоныя перакананні. Кажа, што ў падобнай сітуацыі ён бы «насовал по щщам» (у чым я, улічваючы ягоную камплекцыю, ні разу не сумняюся).

Калі пад'яжджае маршрутка, Аляксандр прэзентуе мне купон на адну бясплатную паездку ў Мінск, яшчэ раз выбачаецца, і развітваецца са мною словамі: «Вось калі б больш было такіх людзей, як ты, ужо даўно зажылі б лепш, чым у Польшчы!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?