У тыя ж самыя дні (16-17 красавіка), калі Менск наведваў эўракамісар Ёганэс Ган, у сталіцы Беларусі знаходзіліся яшчэ дзьве аўтаномныя групы эўрапейскіх чыноўнікаў. Гэта — дырэктары міністэрстваў замежных спраў краін «Вэймарскага трохкутніка» і кіраўнікі аналітычных падразьдзяленьняў зьнешнепалітычных ведамстваў краін Вышаградзкай чацьвёркі.

На тле візыту эўракамісара Гана гэтыя дзьве групы дыпляматаў засталіся амаль незаўважаныя, — адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«І гэта неапраўданая няўвага, бо гэтыя людзі, асабліва кіраўнікі аналітычных дэпартамэнтаў (ня буду казаць пра МЗС Беларусі), вельмі ўплывовыя. Вось толькі адзін прыклад. Дэпартамэнт стратэгіі зьнешняй палітыкі МЗС Польшчы ачольвае цяпер надзвычай масьціты дыплямат Войцех Зайчкоўскі.

Ён працяглы час працаваў амбасадарам сваёй краіны ў Румыніі і Расеі, а раней намесьнікам амбасадара ва Ўкраіне. Зразумела, што ён дасьведчана можа абмяркоўваць наступствы цяперашніх падзеяў ва Ўкраіне «у глябальным і рэгіянальным кантэксьце і пэрспэктывы «інтэграцыі інтэграцыяў», то бок збліжэньня Эўрапейскага і Эўразійскага эканамічнага саюзаў», як напісана на афіцыйным сайце МЗС Беларусі. Таму такая фігура, на мой погляд, заслугоўвае ня меншай увагі, чым Ган.

Ёганэс Ган як бы акамулюе ўсю ўсходнеэўрапейскую палітыку добрасуседзтва Эўразьвязу. Але прагназуюць і выпрацоўваюць стратэгію дзеяньняў найперш аналітыкі з МЗС канкрэтных краінаў. І менавіта гэта робіць іхныя візыты ў Беларусь такімі важнымі.

Раней кіраўнікі аналітычных дэпартамэнтаў Вышаградзкай групы ніколі не прыяжджалі разам у Беларусь. Таму іх першы візыт — гэта сьведчаньне пашырэньня фармату супрацы зь Беларусьсю. Я думаю, што на перамовах у Менску дамінавала ўсё ж украінская тэма. У тым сэнсе, наколькі яна ўплывае (а яна сапраўды ўплывае) на агульную сытуацыю ў рэгіёне і на двухбаковыя дачыненьні Беларусі з краінамі Вышаградзкай чацьвёркі і «Вэймарскага трохкутніка».

У «Вэймарскі трохкутнік» уваходзяць Нямеччына, Польшча і Францыя, у Вышаградзкую чацьвёрку — Вугоршчына, Польшча, Славаччына і Чэхія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?