Судна з некалькімі сотнямі мігрантаў на борце затанула ў Міжземным моры на шляху з Афрыкі ў бок Італіі, паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на італьянскую берагавую ахову.
Паводле розных звестак, на борце карабля было ад 500 да 700 мігрантаў. Да выратавальнай аперацыі падключыліся італьянскія і мальтыйскія судны. Паводле заявы італьянскага боку, у гэтай аперацыі задзейнічана 20 караблёў і 3 верталёты. Паводле апошніх дадзеных, выратаваць атрымалася толькі 28 чалавек, астатнія лічацца загінулымі.
Карабель з мігрантамі перавярнуўся прыкладна ў 210 км на поўдзень ад вострава Лампедуза (Італія) і ў 27 км на поўнач ад узбярэжжа Лівіі. Некаторыя СМІ паведамляюць, што частка мігрантаў упала за борт, спрабуючы прыцягнуць увагу экіпажа гандлёвага карабля, які праходзіў побач.
Падобныя інцыдэнты адбываюцца ў гэтым раёне ўжо не першы раз. На гэтым тыдні 400 чалавек ледзь было не патанулі ля берагоў Лівіі з-за таго, што іх судна таксама перавярнулася. Мігранты з Лівіі сталі прадпрымаць спробы дабрацца да Італіі пасля таго, як у лівійскай дзяржаве пачаўся ўзброены канфлікт. Як правіла, судны, на якіх ідуць уцекачы, перапоўненыя пасажырамі.