Еўрасаюз наймае «разбуральнікаў легенд» для барацьбы з расійскай прапагандай. Рускамоўныя супрацоўнікі новай структуры будуць адсочваць і аналізаваць матэрыялы, звязаныя з ЕС.

«Разбуральнікі легенд» таксама будуць ствараць артыкулы, факталагічныя матэрыялы і інфаграфіку, развіваючы супрацоўніцтва з краінамі — удзельніцамі праграмы «Усходняга партнёрства». Сярод якіх і Беларусь.

Пакуль спецыялістаў набіраюць толькі на год. Гэта мусяць быць журналісты, прэс-сакратары ці тыя, хто працаваў ў галіне сацыяльных медыяў. Іх заробак будзе складаць не менш за 4 350 еўра на месяц. Фінансаваць праект будуць асобныя краіны ЕС, а не агульны еўрапейскі бюджэт, піша EUObserver.

Ініцыятыва пачала існаванне пасля таго, як лідары ЕС у сакавіку даручылі дыпламатычнай службе, «спыніць расійскую кампанію па дэзінфармацыі».

Тады старшыня Еўрасавета Дональд Туск заявіў:

«Мы таксама падкрэслілі неабходнасць зрабіць выклік няспыннай расійскай кампаніі па дэзінфармацыі грамадскасці з нагоды канфлікту ва Украіне. Высокі прадстаўнік падрыхтуе план дзеянняў па стратэгічнай камунікацыі да чэрвеньскага саміта ЕС».

Крамлёўскі «медыяфлагман» тэлеканал Russia Today мае гадавы бюджэт у 300 млн долараў і 2000 супрацоўнікаў у 16 краінах. Праграмы транслююцца на англійскай, французскай, іспанскай і нямецкай мовах. На гэтым фоне контрпраект ЕС выглядае вельмі маленькім.

Але стварэнне групы спецыялістаў медыяслужбы ЕС — толькі адзін з некалькіх мерапрыемстваў, накіраваных супраць расійскай прапаганды. Адзін з афіцыйных прадстаўнікоў ЕС адзначыў, «што ўся праграма будзе мець шырокі спектр дзейнасці, накіраваны на развіццё палітыкі камунікацыі Еўрасаюза, на падтрымку незалежных СМІ і папулярызацыю свабоды сродкаў масавай інфармацыі сярод суседніх дзяржаў».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?