Украіна шукае ўласную гістарычную ідэнтычнасць, гэта трэба паспрабаваць зразумець, але таксама казаць пра тое, што баліць Польшчы, зазначыў у інтэрв'ю Gazeta Wyborcza кіраўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Гжэгаш Схетына. 

Памятны крыж загінулым палякам у вёсцы Сялец Уладзімір-Валынскага раёна Валынскай вобласці Украіны; wikipedia.org

Памятны крыж загінулым палякам у вёсцы Сялец Уладзімір-Валынскага раёна Валынскай вобласці Украіны; wikipedia.org

«Гэты закон быў прыняты з пакетам іншых гістарычных законаў, у прыватнасці, пра адзначэнне падзей Другой сусветнай вайны ці адкрыццё камуністычных архіваў», — сказаў ён.

Тое, што Вярхоўная Рада Украіны прызнала сяброў і байцоў Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў і Украінскай Паўстанцкай Арміі героямі змагання за незалежнасць — не правакацыя з боку Кіева, і ў ніякім выпадку не з'яўляецца антыпольскім актам, дадаў міністр.

«У законе не пазначаныя фармаванні, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, такія як батальёны «Раланд», «Нахцігаль» ці дывізія СС «Галічына». Там названыя некалькі дзясяткаў украінскіх арганізацый, якія змагаліся за незалежнасць Украіны ў перыяд з Першай сусветнай вайны да 80-х гадоў мінулага стагоддзя», — сказаў Схетына.

Па ягоных словах, афіцыйная пазіцыя Польшчы — імкненне да супольнага дыялогу і рэфлексіі на тэму цяжкай польска-ўкраінскай гісторыі. І гэта патрабуе цярплівасці і часу.

Каб запляміць увесь украінскі нацыянальны рух, Расія актыўна выкарыстоўвае ў антыўкраінскай прапагандзе тэму Валынскай разні — масавага знішчэння партызанамі УПА польскага насельніцтва на Валыні ў 1943-44 гадах.

Польскія і ўкраінскія гісторыкі па-рознаму ацэньваюць прычыны Валынскай разні і колькасць загінулых польскіх і ўкраінскіх мірных жыхароў падчас трагічных падзей, якія перараслі ва ўзаемны тэрор. Аднак вядучыя палітыкі Польшчы і Украіны намагаюцца не пераводзіць гістарычныя дыскусіі ў рэчышча актуальнай палітыкі, эмоцый і прапаганды.

Падобнае крытычнае стаўленне да гісторыі і гатоўнасць да дыялогу варта было б пераняць і Беларусі, дзе дагэтуль улады спрабуюць абараняць спарахнелы ідал савецкай «гістарычнай» прапаганды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?