Дэманстрацыя нацысцкай сімволікі без мэтаў прапаганды не павінна трактавацца як парушэнне закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, лічаць у Раскамнаглядзе.
У ведамстве замовілі юрыдыка-лінгвістычнае даследаванне фармулёвак закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці», які забараняе прапаганду і публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі і сімволікі. Эксперт з Маскоўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі імя Кутафіна прыйшоў да высновы, што паняцце «прапаганда» знаходзіцца ў прыярытэтнай пазіцыі ў адносінах да тэрміну «публічнае дэманстраванне».
Такім чынам, выкарыстанне нацысцкай сімволікі ў гістарычных, навуковых і падобных мэтах прызнаецца дапушчальным, лічаць у Раскамнаглядзе. «Пры гэтым нацысцкая сімволіка не можа быць выкарыстана з мэтай абразы савецкага народа і памяці аб панесеных у Вялікай Айчыннай вайне ахвярах, для папулярызацыі ідэй нацызму, апраўдання ваенных злачынстваў фашыстаў», — гаворыцца ў заяве.
У красавіку Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу па факце продажу цацачных салдацікаў з нацысцкай сімволікай ў гандлёвым цэнтры на Лубянцы. Старшыня «Асацыяцыі прадпрыемстваў індустрыі дзіцячых тавараў» Антаніна Цыцуліна тады адзначыла, што заканадаўства не робіць выключэнняў для некаторых катэгорый тавараў, напрыклад, гістарычных гульняў пра Вялікую Айчынную вайну.