Ехаў я на каталіцкую Вербніцу з Вільні ў Мінск, са старой беларускай сталіцы ў новую.

Першы дызель рана ідзе, я выйшаў з гатэля без дзесяці сем. Пакрочыў на вакзал пехам. Транспарт у Літве дарагі, таму чаго б не зэканоміць. Дый адна ўцеха — вясна, муры старой Вільні ў тумане. На Віленскай вуліцы, якая за праспектам Гедыміна, гоман. Моладзь раз’язджаецца з моднага начнога клуба, бумкае ум­-ца-­ца. Няўжо і мы калісьці так да ранку танцавалі? Нават не верыцца.

«Здрастуйте!» — нехта ляпнуў мяне па плячы.

А, Даніла!

Я пазнаў сына аднаго свайго знаёмага па справах — кіраўніка вялікай беларускай адукацыйнай канторы. Я быў у іх дома нядаўна на вячэры, і гэты юнак мяне, бачыш ты, запомніў. Галаву яму яўна закруціла музыка, ну і алкаголь. З твару ён выглядае старэйшым за свае гады, вусы і бародка прабіліся, хоць плечы вузкія, і таму яго прапусцілі, пашпарта не спыталіся. Хоць яму толькі 16, і піць яму ранавата, дый тусавацца, па­-мойму, таксама. Каля яго дзве дзяўчыны, на ўзводзе таксама, хіхікаюць, але яшчэ сарамлівыя, хоць і празмерна нафарбаваныя і апранутыя правакацыйна.

Выпіў, вось ён і запанібрата з нашмат старэйшым. Такі пацан яшчэ, па вялікім рахунку, якому ад аднаго кактэйля галаву можа знесці.

«І ты тут гуляеш, не ў Мінску?» — пытаюся.

Так, мы з бацькамі прыехалі на выхадныя, кажа.

Ну, то шчасліва, мне на вакзал, кажу.

«Да свіданія», — пакланіўся ён, і нягледзячы на хмель, прабіваецца такі ў рухах падлеткавая няёмкасць.

Пайшоў я далей, праз Нямецкую вуліцу да Завальнай.

Каля царквы Усіх Святых ужо стаялі з торбамі ўпрыгожанай вярбы прадаўцы, чакалі першых вернікаў. Якія хочаш «пальмы» — з кветкамі і без. Дзве самыя вялікія торбы — ведаеце такія клетчатыя — разбіраў малады хлопец­старшакласнік. Русы, твар тыповы, як у нас на паўночна­-заходняй Беларусі часта сустрэнеш…

Прыехаў я ў Мінск, цягнік цяпер едзе ўсяго дзве з паловай гадзіны. Заехаў на работу.

Дзясяткі людзей стаяць з вербамі і ў нас каля касцёла на Залатой Горцы, яшчэ ад вуліцы Казлова, каб здаля людзі бачылі. Вецер ходзіць пранізлівы, пара градусаў цяпла. А сярод іх і малыя дзяўчаткі, што такім чынам збіраюць грошы на рамонт храма. Купіў я ў іх вярбу. Цаны яны не выстаўлялі, хто колькі дасць. Я даў 20 тысяч.

Той Даніла — бацька з наступнага года пасылае яго вучыцца ў прыватную школу ў Брытанію. Так, ёсць і ў нас у Беларусі такія багатыя людзі. Я ўжо не пытаўся, колькі гэта каштуе, яўна не мала. «Ён мусіць сам усё пакаштаваць, перапробаваць», — тлумачыў мне ягоны бацька на маё пытанне, ці ён не баіцца яго адпускаць, яшчэ такога юнага.

…Хто з іх дасягне большага поспеху ў жыцці, хто мае большыя шанцы? Даніла ці той хлопец з вербамі каля царквы? Яны ж аднагодкі.

Даніла, дзякуючы сваёй брытанскай адукацыі, будзе выдатна ведаць мовы, шмат краін спазнае і ладоў жыцця. Мусіць, нічога не будзе баяцца. Хоць страх, зрэшты, ён не толькі ад беднасці, а найбольш ад фізічнай слабасці і ад розных замарочак бывае.

А той хлопец — спраўны, дужы, а, раз прыехаў з вербамі ў горад, значыць, работы і гандлю не баіцца.

Ці сутыкнуцца яны калі? Ці будуць змагацца за адных дзяўчат? Усё гэта непрадказальна.

Тое, што відавочна, — што і ў нашым грамадстве адбылося, адбілася новае расслаенне на багатых і бедных.

Ніколі ў гісторыі багацце само сабой не было зарукай ані шчасця, ані поспеху. Ні Ламаносаў, ні Купала, ні Стыў Джобс не былі з багатых сямей і не мелі элітарнай адукацыі. Але, гэта так, з элітарнай адукацыяй лягчэй знайсці працу ў прыбытковым бізнэсе, бо ты ведаеш, як весці сябе з такімі самымі багатымі. Плюс мовы, у нашых школах іх слаба даюць, бо няма пагружэння ў асяроддзе.

Ці паслаў бы я свайго сына ў 16 гадоў за свет у прэстыжную школу, калі б, уявім сабе, была такая магчымасць? Не ведаю. Прадаваць вербы — паслаў бы, нават падвёз бы на машыне, калі трэба. А за свет — не ведаю. Трэба думаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?