фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Некалькі тыдняў таму быў прыняты надзвычай важны дакумент: Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». На маю думку, мы прачнуліся, вобразна кажучы, у «іншай краіне». Фактычна, у Беларусі ўведзена новая паншчына. Лічу, што Беларусь уступіла ў фазу ператварэння ў таталітарную дзяржаву.

Адным з самых устойлівых міфаў, якія стварыла лукашэнкаўская прапаганда за гады свайго існавання, быў тэзіс пра тое, што, дзякуючы палітыцы рэжыму, у нас самае нізкае ў свеце беспрацоўе. І гэты факт падаваўся як значнае дасягненне. Бо Лукашэнка сам неаднаразова казаў пра тое, што галоўнае права — гэта права на працу. А ў нас, калі верыць прапагандзе, з гэтым нібыта ўсё настолькі добра, што хоць у кнігу рэкордаў Гінэса.

Зразумела, што ні Лукашэнка, ні міністр сацыяльнай абароны, ні афіцыйныя прафсаюзы свядома ніколі не рабілі акцэнту на тым, што ў нас фантастычна нізкія лічбы афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. І гэта цалкам зразумела. Навошта чалавеку ў здаровым розуме марнаваць час і нервы на тое, каб у выніку атрымаць дапамогу па беспрацоўі ў памеры 20—30 даляраў?

Пры гэтым, па падліках аўтарытэтных экспертаў, сотні тысяч беларускіх грамадзян працуюць за межамі Беларусі, пераважна ў суседняй Расіі.

І вось у 2013 годзе Міхаіл Мясніковіч, тады яшчэ старшыня ўрада, адным махам звёў на нішто шматгадовую працу сваіх жа падначаленых з Белстата. Аксакал беларускай палітыкі заявіў, што «амаль 445 тысяч беларусаў працаздольнага ўзросту па дакументах нідзе не працуюць, не ўносяць ніякага ўкладу ў развіццё грамадскай эканомікі». Адначасова прэм’ер агучыў сваё бачанне вырашэння гэтай праблемы, прапанаваўшы «ўвядзенне падатку з непрацуючых».

Трэба сказаць, што першым пра барацьбу з так званым «сацыяльным утрыманствам» пачаў казаць сам Лукашэнка, прапанаваўшы ўвесці 100% плату за медыцынскае абслугоўванне для тых беларускіх грамадзян, якія працуюць за межамі Беларусі, атрымліваюць добрыя заробкі, але плаціць падаткі не жадаюць. Абмеркаванне закінутай у свядомасць электарату тэмы працягнулі некаторыя дэпутаты.

Сам сабою напрошваўся вывад, што ўлады мэтанакіравана рыхтуюць насельніцтва да непапулярных рашэнняў.

Далей — болей, сілавікі прапаноўвалі штрафаваць і нават арыштоўваць любога грамадзяніна, які не працуе больш за 6 месяцаў. Уключыліся ў прапагандысцкую вакханалію і старшыні аблвыканкамаў, вырашыўшы ўсіх беспрацоўных узяць «на аловак», стварыўшы базу, як кажуць па БТ, «сацыяльных паразітаў».

Але ж кожнаму ясна, чаму людзі з’язджаюць у Расію ці ЕС, гарбацяцца там ад відна да відна, рызыкуюць жыццём. Бо заробкі на многіх прадпрыемствах — гэта здзек. Асабліва ў правінцыі! Як пры нашым узроўні цэн можна пражыць на 2 500 000 — 3 000 000 за месяц?! Спадарыня Шчоткіна не спрабавала?

Да таго ж, суграмадзяне, якія працуюць у «шэрым» сектары ў Беларусі ці нелегальна за мяжой, усё роўна купляюць прадукты ў беларускіх крамах. Гэтым самым не толькі забяспечваюцца працай і заробкам тыя, хто працуе на беларускіх прадпрыемствах, але і аплачваецца падатак на даданую вартасць.

Я катэгарычна супраць «падатку на дармаедаў». Баюся, ён лёгка можа перарасці ў механізм змушэння да рабскай працы ў калгасах за капейкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?