Наш суразмоўца расказаў, што распаўсюд сцяжкоў у Беларусі пачаўся па расійскім прыкладзе, схеме і, можна сказаць, па інерцыі. Беларускія глуханямыя проста скапіявалі тое, што рабілі расійскія глухія. А кіроўцы купляюць тыя сцяжкі, якія прадаюцца, проста са спагады да глухіх — няважна, якія. Калі б глуханямыя маглі танна закупляць беларускую сімволіку ў Беларусі, яны б і куплялі. А так яны ездзяць у аптовы склад у Маскву, дзе па інерцыі бяруць у тым ліку расійскія сцяжкі, якія там самыя танныя.

«Наша Ніва»: Пару словаў пра сябе. [Размова адбылася шляхам пісання ў Word’e— сядзелі мы ў Рэдакцыі. Суразмоўца папрасіў не называць ягонага імя і не дазволіў сябе фатаграфаваць.]

— Мне 21 год. Я глухі — не чую ўвогуле нічога. Яшчэ я беспрацоўны і гуляю ў футбол за зборную Беларусі сярод глухіх. Больш нічога казаць не буду.

«НН»: Калі і як ты пачаў прадаваць чужую сімволіку?

— Нам, глухім, праз крызіс і праблемы са слыхам сёння вельмі цяжка. Зразумейце, нашыя магчымасці да зарабляння грошай і, адпаведна, нармальнага існавання, вельмі сціплыя.

Варыянтаў няшмат — можна ісці на завод альбо займацца распаўсюдам чагосьці: тых жа сцяжкоў, абразкоў, іншай дробязі ў электрычках. Сам я, напрыклад, на заводзе працаваць не хачу — у маім разуменні гэта нізкі ўзровень. Мне падабаецца гандляваць сцяжкамі, і я нармальна гэтым зарабляю.

Ну, «нармальна» — гэта адносна, вядома: каля трох мільёнаў за месяц плюс пенсія. Мне хапае.

А пачыналася ўсё, яшчэ калі мне было 15 гадоў — я тады працаваў у Расіі, прыехаў да брата. Ён таксама глухі і, акрамя таго, што працаваў на заводзе, някепска зарабляў на продажы сімволікі кіроўцам і мінакам. Гэта сярод расійскіх глухіх было даволі папулярным заняткам. Я паглядзеў і пачаў рабіць тое ж самае. Спачатку ў Расіі, а потым, вярнуўшыся ў Беларусь, і тут. Я вярнуўся сюды дзесьці 3—4 гады таму, вось тады ўсё і пачалося з мяне — я першы.

«НН»: Як гэта набыло такія маштабы, што сцяжкі прадаюць ужо па ўсёй краіне? Дзе вы іх купляеце? Колькі зарабляеце? Чым абумоўлены выбар расійскіх і савецкіх сцягоў?

— Усё проста: сярод глухіх усе ведаюць адзін аднаго. Калі я пачаў так зарабляць, то сказаў аднаму — той таксама пачаў і сказаў другому, а той — трэцяму. Вось так пакрысе працэс пайшоў— штосьці кшталту сеткавага маркетынгу. Цяпер продаж сімволікі — гэта для некаторых, нават мяне, асноўны прыбытак.

Скажу таксама, што нават тыя людзі, што працуюць на заводах, пачалі «прыгандлёўваць» сцягамі, каб мець больш грошай.

Я збольшага ўсіх прадаўцоў ведаю — у Мінску, напрыклад, такіх 10—15 чалавек, не больш. Усе працуюць па адной схеме: едуць у Маскву, там закупляюцца на адзін-тры месяцы наперад і тут ужо рэалізоўваюць.

Гэты хлопец летась прадаваў ва Уруччы расійскія сцяжкі.

Гэты хлопец летась прадаваў ва Уруччы расійскія сцяжкі.

Назвы маскоўскай крамы я не памятаю, але яна знаходзіцца ля станцыі метро «Севастопальская». Там мільёны сцяжкоў, якіх хочаш. Прынамсі я купляю адразу гуртам — каля тысячы сцягоў, тады сабекошт аднаго атрымліваецца дзесьці 8 тысяч на нашыя грошы, а прадаю за 20 тысяч. У кішэні «чыстымі» ў выніку дзесьці 6—7 мільёнаў за два месяцы. На тавар і дарогу выдаткоўваецца дзесьці 11 мільёнаў за раз.

Сцяжкі таксама можна камбінаваць, то бок у краме можна асобна купіць «аснову», якая лепіцца на шкло, і туды засунуць некалькі сцягоў — беларускі і расійскі, напрыклад. Ці беларускі і беларускі. Ці хоць аргенцінскі, умоўна кажучы. Выбар тут залежыць толькі ад чалавека, які прадае. Напрыклад, я цяпер гандлюю толькі савецкімі, беларускімі і сцягамі 9 Мая [георгіеўскімі — Рэд.]. Але пасля апошніх падзеяў думаю адмовіцца і ад савецкіх, бо пашырыліся выпадкі, калі людзі вельмі агрэсіўна на гэта рэагуюць, аж да бойкі даходзіць. Я асабіста з такім не сутыкаўся, але мае сябры такое расказвалі.

«НН»: Нядаўна распаўсюднік сцягоў у Мінску ўдарыў чалавека. Ведаеш штосьці аб гэтым?

— Так, ведаю. Але ў інтэрнэце хлусня адная! Гэты хлопец — мой сябар, мы з ім разам футболам займаемся. Я яго выдатна ведаю— ён увогуле не агрэсіўны, добры чалавек. А раззлаваўся ён тады таму, што яму перашкаджалі працаваць і здымалі на камеру. Ён можа гаварыць, насуперак стэрэатыпу. Шмат хто з нас можа гаварыць, але не чуюць. Ну вось і ён сказаў, што нічога не чуе, маўляў, адчапіцеся ад мяне. Але чалавек з камерай толькі пасмяяўся і як бы пагражаў, падштурхоўваў да бойкі, махаў нагамі. Таму мой сябра ударыў яго ў мэтах самаабароны. Той чалавек упаў, пачаў крычаць, відавочцы пачалі на гэта рэагаваць. Таму мой сябра палічыў за лепшае сысці адтуль, каб не мець праблемаў. Сам ён не нападаў ні на каго.

«НН»: Добра, але ўсё роўна распаўсюд сцягоў — гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Табе вядома аб гэтым?

— Можа быць, я не ведаю. Я хацеў бы зарэгістраваць ІП, але не ведаю як. Хаця гэта трэба рабіць, бо апошнім часам штосьці здарылася, і на нас проста так пачалі выклікаць міліцыю. Хоць мы гэтым ужо некалькі гадоў займаемся. Дык вось тых, каго ловяць — ім штрафы даюць.

«НН»: А ў міліцыі не кажуць, што расійская і савецкая сімволіка ў Беларусі — гэта лішняе? Як гэта ўвогуле — прапаноўваць беларусам сцягі іншых краін?

— Тут няма палітыкі. Разумееце, мы з вамі жывём як бы разам, але ў той жа час і ў розных рэаліях. Мы, так бы мовіць, у чымсьці адарваныя ад свету, бачым з вамі ў адным і тым жа розныя рэчы. Я сам, напрыклад, не прадаю расійскія сцяжкі, я ад гэтага адмовіўся. Але мае сябры прадаюць — ім гэта падабаецца, гэта прыносіць ім грошы. Бізнэс! Як кажуць: попыт нараджае прапанову. Калі я першы раз прадаваў савецкія сцягі — людзі сталі браць. Хто як рэагуе, але тым не менш— прадаваць савецкія сцягі выгадна. Сам я не ведаю, як стаўлюся да СССР. Я аб гэтым не думаю, проста прадаю. Ды і ўсім маім знаёмым таксама пляваць — Расія, Беларусь, СССР. Галоўнае — грошы.

«НН»: Чаму не прадаяце тады бел-чырвона-белыя ці ўкраінскія сцягі?

— Што да ўкраінскіх… Мне так здаецца, што тут мы пераймаем расійскія тэндэнцыі: што папулярнае там, тое мы прадаём і тут. А вось сцягі БНФ [бел-чырвона-белыя — Рэд.]… Я чуў, што іх прадаваць забаронена. Не хачу непрыемнасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?