Выкладчыцу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны 1969 года нараджэння знайшлі павешанай на лесвічнай пляцоўцы дома 106 па вуліцы Савецкай, які з'яўляецца інтэрнатам ВНУ. 

Цела знайшлі сёння каля 8.00, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава. Гарадскі аддзел СК праводзіць праверку. Асноўная версія — суіцыд. Прызначана судова-медыцынская экспертыза. 

Жанчына была замужам, у яе двое дзяцей. 

Дом 106 па вуліцы Савецкай у 2014 годзе афіцыйна набыў статус інтэрната рашэннем эканамічнага суда. Раней жыхары дома, выкладчыкі ўніверсітэта, спрабавалі прыватызаваць кватэры, у якіх пражылі па 20 і больш гадоў, але не дабіліся гэтага права. Першапачаткова ім адмаўлялі, спасылаючыся на тое, што дом з'яўляецца інтэрнатам. Потым у судзе высветлілася, што будынак па дакументах — жылы дом. Але кіраўніцтва ГДУ імя Ф.Скарыны дабілася праз суд, каб дакументы былі папраўленыя, і дом афіцыйна стаў інтэрнатам. Канфлікт выкладчыкаў — жыхароў дома з кіраўніцтвам ВНУ працягваецца некалькі гадоў. 

Суседзі загінулай на ўмовах ананімнасці кажуць, што прычынай суіцыду магло стаць нервовае перанапружанне выкладчыка, якая баялася страціць кватэру ў доме-інтэрнаце, таму шмат працавала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?