Нікалас, Ксенія і, хутчэй за ўсё, Міхаіл. Фота: Brigitte Stelzer, New York Post
У нью-ёркскім раёне Куінс сямейная пара б’ецца як Спарта з Афінамі за імя сына, піша New York Post.
37-гадовы Нікалас Саўкерас з Грэцыі прапануе назваць дзіця Спірыдонам у гонар свайго бацькі, яго 33-гадовая жонка Ксенія з Маладзечна — Міхаілам у гонар свайго.
Пара дамовілася: калі анлайн-петыцыя за Спірыдона збярэ 100 тысяч подпісаў, дзіця назавуць так.
Сын Нікаласа і Ксеніі мае нарадзіцца ў жніўні. Але наўрад ці нават да таго часу набярэцца дастаткова подпісаў: пакуль за Спірыдона падпісаліся толькі 2 тысячы чалавек.
«Я не хачу называць маё дзіця імем, якое і вымавіць-та не магу», — кажа Ксенія.
Нікалас жа сцвярджае, што жончына «рускае вуха» проста нязвыклае да «мілагучных імён Грэцыі», бо яна жыла сярод «варварскіх імён кшталту Арман, Осіп, Ігар, Рурык, Руслан, Арцём, Вадзім і Зоран». Да таго ж, у Нікаласа імя Міхаіл асацыюецца з зоркай «b-movie» Мішай Бартан, якая здымалася ў, напрыклад, «Забойцы зомбі: Могілкі сланоў».
Петыцыя пачалася як жарт, ды і лічба 100 тысяч была ўзятая жартам — каля 100 тысяч жыве ў родным горадзе Ксеніі, Маладзечне.
З героямі матэрыялу звязаўся Onliner.by. Як распавяла Ксенія, пасля публікацыі ў New York Post да сям’і прыязджалі тэлеканалы NBC і ABC, муж быў на радыё. Часу на ўсе інтэрв’ю ў пары не хапае — абодва працуюць як звычайны сярэдні клас.