Красавіцкае выданьне месячніка «Часопіс», які выходзіць у Беластоку на польскай і беларускай мовах, зьмяшчае тэкст пад загалоўкам «Siedem polskich stereotypów o Białorusi(nach)».

Аўтарка, Агнешка Гораль, піша ва ўступе:

«Вось сучасны беларус, бачаны вачыма паляка: шэры, немалады, часта непаголены і вусаты, зь нямоднай прычоскай, лёгка прыгорблены спадар, якіх шмат па ўсім сьвеце, але найбольш падобны да расейца. Насамрэч амаль расеец, толькі крыху больш цывілізаваны, бо жыве далей ад Азіі. Але толькі крыху далей, так што можна сказаць, што гэта напалову азіят і напалову эўрапеец. З азіятамі злучае яго непрыманьне заходняй цывілізацыі, з эўрапейцамі — гандаль з найбліжэйшай цывілізаванай краінай, то бок з Польшчай».

Намер аўтаркі — зьняпраўдзіць польскія стэрэатыпы адносна Беларусі і беларусаў. Ніжэй, за Агнешкай Гораль, мы падаем пералік гэтых стэрэатыпаў:

1. Беларусь — бедная краіна, як, дарэчы, усе іншыя краіны на ўсход ад Польшчы.

2. У беларусаў «галодныя» зарплаты, таму штодня ім даводзіцца есьці бульбу і кашу.

3. У Беларусі няма нацыянальных сымбаляў і нацыянальнага ўраду. Нават беларускай мовы няма.

4. У беларусаў прэзыдэнт — калгасьнік, які паводзіць сябе адпаведным чынам.

5. У Беларусь небясьпечна ехаць і небясьпечна падарожнічаць па гэтай краіне — там крадуць аўтамашыны і дакумэнты, там чалавека можа напаткаць самае горшае.

6. Беспэрспэктыўны стары кавалер з Польшчы (без маёнтку, адукацыі і красы) можа лёгка знайсьці жонку ў Беларусі.

7. Беларусь — ізаляваная краіна. Перасекшы польска-беларускую мяжу, чалавек павінен усьведамляць сабе, што адтуль можа не вярнуцца — у Беларусі, паводле гэтага стэрэатыпу, не ўратуе чалавека «ні Эўразьвяз, ні НАТО, ні нават Божы провід».

Вось адзін з прыкладаў, як Агнешка Гораль разбурае стэрэатыпы:

«Стэрэатып прэзыдэнта Беларусі зазнае эвалюцыю. Апошнія падзеі ва Ўкраіне прадставілі беларускага кіраўніка ў іншым сьвятле. Амаль усе тэлеканалы паказалі вусатага, саліднага спадара, апранутага як сьлед, па-эўрапейску, у наваксаваных чаравіках, старанна завязаным гальштуку, паголенага, які выклікае давер і ўручае Ангеле Мэркель букет кветак. І які букет! Не з гвазьдзікоў, ня з макаў, і нават ня з ружаў. Букет як зь месячніка «Garden», у крэмава-зялёнай танальнасьці. Такога букета не ўручае старшыня калгасу, такі букет уручае той, у каго сур’ёзныя намеры. Значыць, прэзыдэнт Беларусі — гэта дзяржаўны муж, — так думае паляк. — А які зь яго мужык свой у дошку! Эўрапейскім кіраўнікам падае вясковую яечню! І што яшчэ бачыць польскі тэлеглядач? Мармур у прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі (адной зь некалькіх), начышчаны паркет, бліскучыя на сонцы шыбы ў вокнах. Гэта так выглядае Беларусь? Тая бедная краіна, дзе ядуць сала і запіваюць яго гарэлкай?»

Якім чынам аўтарка зьняпраўджвае іншыя польскія стэрэатыпы, чытайце на сайце «Часопіса».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?