Беларуская нафтавая кампанія (БНК) аднавіла пастаўкі бензінаў у Расію. Аб гэтымпаведамілі ў кампаніі.

«Сакавік быў няпростым у частцы цэнаўтварэння на гэту прадукцыю. Разам з тым цяпер яе адгрузкі ў Расію вядуцца згодна з раней падпісанымі з расійскім Мінэнерга дамоўленасцямі», — адзначылі прадстаўнікі БНК.

Паводле даных намесніка старшыні канцэрна «Белнафтахім» Віталя Паўлава, Беларуская нафтавая кампанія ў красавіку паставіла на расійскі рынак 25,5 тыс. т бензінаў. Ён падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб працаваць у адпаведнасці з устаноўленымі правіламі і поўным узаемаразуменні з расійскімі партнёрамі.

Як раней заявіў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка, за студзень-люты беларускі бок поўнасцю выканаў свае абавязацельствы па продажах на расійскі рынак нафтапрадуктаў. «У сакавіку, калі сітуацыя з эканомікай пастаўкі змянілася, мы скарысталіся папраўкай у дамоўленасцях, якая прадугледжвае ў выпадку зніжэння даходнасці беларускага боку да правядзення кансультацый і выпрацоўкі нейкіх дадатковых мер прыпыніць пастаўкі», — удакладніў кіраўнік канцэрна. Ён звярнуў увагу, што ў сакавіку паставак не было, але, калі яны стануць эканамічна выгаднымі, іх адновяць.

Па выніках першых двух месяцаў Беларусь паставіла ў Расію 140 тыс. т бензінаў.

Нядаўна СМІ распаўсюдзілі інфармацыю са спасылкай на міністра энергетыкі РФ Аляксандра Новака, што ў выпадку недапаставак у Расію беларускага аўтабензіну больш як на 10 працэнтаў ад прадугледжаных графікам аб'ёмаў РФ мае права знізіць пастаўкі нафты ў суадносінах 1:5. «Як толькі пастаўкі аўтабензіну зноў пачнуцца, адновяцца і пастаўкі нафты. Усе разлікі павінны быць пацверджаны дакументальна, рызыка канфліктных сітуацый мінімальная. Да таго часу, пакуль не будзе завершана мадэрнізацыя нашых НПЗ, мы разлічваем на аб'ёмы нафтапрадуктаў з Беларусі», — заявіў міністр.

Усяго, згодна з індыкатыўнымі балансамі паліўна-энергетычных рэсурсаў на 2015 год, у Беларусь паступіць 23 млн т нафты, у тым ліку 22 млн т трубаправодным транспартам. У сваю чаргу Беларусь павінна паставіць у Расію 1,8 млн т аўтамабільных бензінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?