У Беларусі на гэтым тыдні чакаецца халаднаватае, ветранае і сырое надвор'е. Аб гэтым паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

«У першай палове тыдня ўмовы надвор'я будзе вызначаць халаднаватая няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з Балтыйскага мора», — расказаў Дзмітрый Рабаў.

У аўторак, 14 красавіка, на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, магчымы мокры снег). Днём месцамі навальніцы. У многіх раёнах чакаецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 1 да плюс 4 градусаў, днём - 5-11 вышэй за нуль.

У сераду на большай частцы тэрыторыі таксама чакаюцца кароткачасовыя ападкі (дождж, ноччу з мокрым снегам), раніцай і днём па паўднёва-заходняй палавіне ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 да плюс 4 градусаў, днём ад 5 да 10 цяпла, па паўднёвым захадзе да плюс 13.

Чацвер чакаецца самым непагодлівым днём.

Праз Беларусь будзе праходзіць актыўны атмасферны фронт, які прынясе на большую частку тэрыторыі кароткачасовыя дажджы. У многіх раёнах чакаецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с, днём па паўночным усходзе да 23 м/с. Тэмпература паветра ноччу плюс 2-9 градусаў, максімальная днём - ад 6 да 12 цяпла, па поўдні - да плюс 16.

У канцы тыдня пачне паступаць яшчэ больш халодная паветраная маса з паўночных мораў.

У пятніцу, 17 красавіка, часам пройдуць ападкі, у асноўным дождж. Тэмпература паветра ноччу - ад 0 да плюс 7 градусаў, днём - плюс 5-12.

У выхадныя дні надвор'е істотна не зменіцца: часам ападкі (дождж, мокры снег).

Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, максімальная днём - плюс 4-10.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?