Міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер у нядзелю адхіліў заклікі прарасійскай партыі «Левых» запрасіць расійскага лідара Уладзіміра Пуціна на цяперашні саміт краін «Вялікай сямёркі» G7.

У мінулым годзе група сямі развітых краін правяла штогадовы саміт без Пуціна ў знак пратэсту супраць анексіі Крыма і дэстабілізацыі усходу Украіны.

Па словах Штайнмаера, дарога ў G8 для Расіі вядзе праз адмову ад Крыма.

Грэгар Гізі, лідэр парламенцкай фракцыі «Левых», куды ўвайшлі, у прыватнасці, і былыя камуністы Усходняй Германіі, заклікаў урад запрасіць Пуціна на саміт G7, які пройдзе ў чэрвені ў Баварыі. Паводле яго слоў, супрацоўніцтва Расіі неабходна для вырашэння многіх міжнародных крызісаў.

У інтэрв'ю газеце Die Welt Штайнмаер сказаў, што ўдзел Расіі ў урэгуляванні крызісаў у Сірыі, Емене і Лівіі пажаданы, але пакуль яе вяртанне ў клуб развітых дзяржаў немагчыма.

«Не ў нашых інтарэсах ізаляваць Расію на працяглую перспектыву. Аднак пасля незаконнай анексіі Крыма мы не можам дзейнічаць, як быццам нічога не адбылося, — сказаў нямецкі міністр. — Шлях назад у «Вялікую васьмёрку» пройдзе праз павагу да цэласнасці Украіны і выкананне Расіяй яе абавязацельстваў згодна з Мінскімі пагадненнямі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?