Пасля ўкаранення ў беларускіх школах профільнага навучання плануецца ўнесці змяненні ў правядзенне цэнтралізаванага тэставання, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 9 красавіка намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.

«Мы зараз разглядаем шмат варыянтаў, як мінімум, іх чатыры. Пакуль гэта ўсяго толькі рабочыя варыянты, мы прааналізуем іх, але змяненні, хутчэй за ўсё, будуць толькі праз два гады», — сказала яна. 

Як зазначыла намеснік міністра, зараз усе вучні здаюць экзамены па ўсіх прадметах на адным узроўні, «хоць часта экзамен па рускай мове не дае фізіку атрымаць той бал, які яму хацелася б». «Мы гэта бачым, і нейкія карэкціроўкі, безумоўна, будуць у цэнтралізаваным тэставанні», — падкрэсліла яна. 

Апрача таго, паводле слоў Сідарэнкі, разглядаецца пытанне аб унясенні змяненняў у правядзенне выпускных школьных экзаменаў, аднак яны таксама будуць унесены не раней чым праз два гады, бо са школ будуць выпускацца вучні, якія вучыліся па старых праграмах. «Мы паглядзім, ці ёсць неабходнасць, ці патрэбная нейкая карэкціроўка выпускных экзаменаў. Гэта пытанне сёння разглядаецца. Магчыма, гэта будуць нейкія абавязковыя прадметы для ўсіх і прадмет, які вывучаецца на павышаным узроўні, але гэта рашэнне мы прымем праз год», — растлумачыла яна.

Нагадаем, 1 верасня 2015 года ўстановы сярэдняй адукацыі атрымаюць магчымасць адкрываць класы з павышаным узроўнем вывучэння прадметаў. Яны будуць даступныя толькі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, гэта значыць у наступным годзе з'явяцца толькі ў 10-х класах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?