Беларускія праваабаронцы патрабуюць ад уладаў і адміністрацыі папраўчай калоніі № 17 Шклова спыніць ціск на экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча.

Як паведамлялася раней, толькі за апошні тыдзень у дачыненні да Статкевіча было складзена восем актаў на падставе вынесеных спагнанняў. Паводле інфармацыі жонкі палітыка Марыны Адамовіч, Статкевіч пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання, якое планавалася ў красавіку, і прадуктовай перадачы. Акрамя таго, 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу, а да гэтага ён правёў трое сутак у штрафным ізалятары.

Паводле слоў Адамовіч, праблемы з адміністрацыяй у Статкевіча пачаліся адразу пасля пераводу ў шклоўскую калонію з магілёўскай турмы і ўзмацніліся пасля таго, як 24 сакавіка ён напісаў заяву аб адмове ад незаконных работ па самаабслугоўванні. Як растлумачыла Адамовіч, такія работы ўсе зняволеныя павінны выконваць па чарзе, прычым не больш за дзве гадзіны ў дзень, але ў дачыненні да Статкевіча гэтыя нормы адміністрацыя не выконвала. 

Жонка палітыка не выключае, што супраць яго «рыхтуецца новая справа», у выніку чаго Статкевічу могуць або працягнуць тэрмін пакарання (ён заканчваецца ў снежні 2016 года), або ўзмацніць рэжым адбыцця пакарання — зноў перавесці ў турму. 

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» накіравалі ў дэпартамент выканання пакаранняў (ДВН) МУС і адміністрацыю шклоўскай калоніі № 17 зварот, у якім выказваюць трывогу адносна сітуацыі вакол Статкевіча. 

Праваабаронцы лічаць, што дзеянні адміністрацыі калоніі «маюць мэтанакіраваны характар на прымушэнне Статкевіча да напісання прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». «Такія дзеянні адміністрацыі калоніі носяць супрацьпраўны і палітычна матываваны характар і могуць расцэньвацца як бесчалавечнае абыходжанне, якое зневажае чалавечую годнасць», — цытуе заяву праваабарончы сайт spring96.org

Праваабаронцы патрабуюць: 

— спыніць адміністрацыйны ціск у дачыненні да Мікалая Статкевіча; 

— адмяніць незаконныя дысцыплінарныя спагнанні, атрыманыя на працягу апошніх двух месяцаў, і ануляваць складзеныя акты аб парушэнні дысцыпліны;

— дапусціць прадстаўнікоў міжурадавых арганізацый (прадстаўніцтва ЕС і ААН у Беларусі), а таксама дыпламатычных місій Еўрасаюза ў калонію № 17 для праверкі ўмоў утрымання апазіцыйнага палітыка. 

Акрамя ДВН МУС і адміністрацыі калоніі тэкст заявы накіраваны ў прадстаўніцтвы ААН і ЕС у Беларусі.

Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

31 сакавіка ў інтэрв'ю медыяхолдынгу «Блумберг» Лукашэнка заявіў, што Статкевіч застаецца ў турме таму, што сам «хоча быць вязнем». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?