«Крымнаш» разам з падзеннем цэнаў на нафту і санкцыямі Захаду моцна ўдарылі па расійскай эканоміцы. Сёлета ў студзені заробкі «чыстымі» на Смаленшчыне зваліліся ніжэй за $280. Упершыню ад часоў незалежнасці сярэдні заробак і пенсія ў Беларусі аказаліся вышэйшымі, чым ва ўсходняга суседа.

«Дзе жывецца лепш, у Беларусі ці ў Расіі?» — вырашылі запытацца карэспандэнты «Нашай Нівы» ў жыхароў памежных расійскіх гарадоў.

Наш маршрут — паўкола паміж Клімавічамі і Оршай з заездамі ў расійскія Рослаў і Смаленск.

Кантроль ёсць, хай і сімвалічны

На трасе паміж Клімавічамі і расійскімі Шумячамі машыну спыняе малады памежнік: «Праверка пашпартоў. Калі ласка, вашыя дакументы».

Расейцы на сваім пасту правяраюць усіх, хто заязджае ў іх краіну, а беларусы на сваім — тое, што знаходзіцца ў багажніках.

Мяжа паміж краінамі сімвалічная. На беларускім баку стаіць металічная крыжападобная канструкцыя, на супрацьлеглым — ярка расфарбаваная арка з праваслаўнымі цыбулінкамі на версе. Раней пад аркай віселі тры званы, але… Метал, які застаецца без нагляду, тут хутка знаходзіць новага гаспадара. Цяпер ад званоў засталіся толькі рознакаляровыя стужачкі.

Архіўнае фота з maps.google.com

Архіўнае фота з maps.google.com

Чаму ў Беларусі чыста?

Правінцыйны Рослаў — райцэнтр на 50 тысяч чалавек. «Дык дзе жывецца лепш?» — пытаемся ў мясцовых жыхароў. Пабачыўшы відэакамеру, людзі літаральна адскокваюць убок. У Беларусі звычайна адмаўляецца гутарыць з журналістамі кожны трэці-чацвёрты, дый той часцяком просіць прабачэння. А на ўсходзе добра калі пагодзіцца выказаць свае думкі адзін з дзесяці.

«Без Расіі ўсе прападуць: і Беларусь, і Украіна. Расія — гэта маці-карміліца», — кажа немалады мужчына.

«Вядома ж, у Расіі лепш. Гэта большая краіна, і тут больш магчымасцяў. Калі б у Беларусі было лепш, то мы б да вас ехалі ўладкоўвацца на працу, а не вы да нас, як цяпер», — мяркуе маладая пара.

Аднак аптымістычна да сваёй краіны ставяцца не ўсе.

«Дарогі ў Беларусі лепшыя, вёскі лепшыя, чысціня… Можа, вы так прывучаныя, усё ж менталітэт іншы. Вось так закладзена ў нас: ідзём і смецце кідаем, чаму так? У Беларусі ж не кідаюць», — кажа сталы мужчына.

Малады хлопец крытыкуе расійскае кіраўніцтва: «Тут улады кепскія. Злодзеі, махляры, карупцыя…»

Але абодва тлумачаць беларускую дагледжанасць пільным кантролем з боку дзяржавы: маўляў, «у вас з гэтым больш строга».

«Няма ў вас такога… э-э-э… срачу», — кажа сталая жанчына, азіраючыся па баках. Смецце ў цэнтральным парку Рослава не прыбіралі ўжо даўно.

У каменнай скульптуры мядзведзя, якая тут жа стаіць, адбітая палова морды. З ледзь ацалелага вока цячэ ярка-чырвоная фарба.

«Я вам напішу чэк»

Наступны прыпынак — у Стадолішчы. Мясцовыя жыхары кажуць, што назва прыдарожнага мястэчка ўтварылася ад «ста далінаў». Навукоўцы ж схіляюцца да звычайнай беларускай «стадолы».

Спыняемся на абед у кавярні «Твіста». Звычайная вясковая кавярня, у якой днём няма ніводнага кліента, а пад вечар збіраецца моладзь на дыскатэку пад люстэркавым шарам. Гатуюць доўга, ежа нясмачная, а ў яешні на зуб трапляе шкарлупіна… «Калі ласка, чэк», — просім у афіцыянткі. «Блін. Ну ладна, напішу вам зараз», — незадаволеная яна. «У сэнсе «напішу»? Дайце звычайны касавы чэк», — не разумеем мы. «А ў нас няма касавага апарата», — тлумачыць афіцыянтка.

У беларускіх вясковых кавярнях таксама бывае, што каса знятая ці апарат знаходзіцца на рамонце, але цымус сітуацыі ў тым, што ў кавярні «Твіста» ў Стадолішчах касавага апарата няма ў прынцыпе.

У інтэрнэце згадка пра гэтую кавярню толькі адна, за 2013 год. Але і ў той гісторыі фігуруе адсутнасць касавага апарата. «Ты разумееш, што ты зараз сапсаваў настрой маім супрацоўнікам, а ім яшчэ суткі працаваць? — заявіла тады дырэктарка незадаволеным кліентам-замежнікам і папярэдзіла: — А ты не баішся, што я зараз пазваню куды трэба і цябе на трасе з тваімі беларускімі нумарамі будуць спыняць усе мянты, а то і дагоняць ды пераламаюць ногі?»

Беспакараныя 80 км/г

Прэтэнзіі да занядбаных расійскіх дарог застаюцца актуальнымі ў правінцыі, але чым бліжэй да вялікіх гарадоў, тым пакрыццё лепшае. Апошнія кіламетры паміж Рославам і Смаленскам — раўнюткая чатырохпалосная шаша, хоць і ідзе праз населеныя пункты. Нягледзячы на абмежаванні, аўто не скідваюць хуткасць нават на пешаходных пераходах.

Ва ўсёй Еўропе, клапоцячыся пра здароўе пешаходаў, дазваляюць ехаць у гарадах не хутчэй за 50 км/г, дзе-нідзе не штрафуюць за 60 км/г. У Расіі ж беспакарана можна ездзіць 80 км/г! А штраф за разгон у горадзе да 100 км/г — усяго 125 тысяч беларускіх рублёў у эквіваленце, і ніякай далейшай адказнасці.

У Беларусі ж за такое парушэнне давядзецца заплаціць у 5—15 разоў больш, а пры паўторным ёсць небяспека пазбавіцца пасведчання кіроўцы.

Дарагое паліва не ў модзе

Што ў Расіі значна танней, дык гэта паліва. Літр 92-га на смаленскіх запраўках каштуе каля 8400 рублёў у пераліку на нашы, салярка і АІ-95 — па 9000 рублёў. Гэта на траціну танней, чым у Беларусі, і гэтым карыстаюцца жыхары памежных рэгіёнаў.

У інтэрнэце працягваюцца дыскусіі, які бензін варта заліваць: 92 ці 95? Што ж, колькі спецыялістаў, столькі і меркаванняў.

Але розніца паміж беларускімі і расійскімі запраўкамі адразу кідаецца ў вочы. Па ацэнках работнікаў нашых АЗС, прыкладна кожны чацвёрты ўласнік бензінавых машын залівае сабе больш дарагі АІ-95. Такую параду дае кіраўніцтва па эксплуатацыі большасці сучасных аўто.

Пад’язджаючы да запраўкі «Раснафты» ў Рославе, звяртаеш увагу на доўгую чаргу машын. Мо з дзясятак аўто чакаюць месца ля калонак з 92-м. А па 95-м — ніводнага. Не будзеш жа ліць у старую «Ладу» «элітнае» паліва…

Што замінае падняцца з калень?

Едзем у Смаленск і слухаем дыск Васі Абломава, які спявае пра суровую расійскую рэчаіснасць: «Россіі подняться с колен мешает одно із колен. Мы рубім его топором, мы ждём перемен», — жартуе ён.

І ўсё ж, што замінае Расіі ўзняцца з калень? Вырашаем даведацца адказ на гэтае пытанне ў жыхароў Смаленска.

«Не піць і не курыць. І яшчэ матам не лаяцца, — раіць малады чалавек. — Расія на каленях, бо грошай ні храна няма. Багатыя толькі некаторыя людзі, якія высока сядзяць».

«Нас прырода адарыла ўсім, а мы чамусьці прагінаемся. Трэба перастаць шукаць ласкі ў Захаду! — даводзіць п’яны пенсіянер, які цяпер стаў героем інтэрнэту. — А то так атрымалася, што мы залежныя ва ўсім, што гэта такое?»

Старэйшае пакаленне бачыць перспектыву ў сельскай гаспадарцы. «Ганьба, што мы моркву ды бульбу з Турцыі прывозім, мы, Расія, якая ўвесь Савецкі Саюз карміла! Гэты год увогуле будзе галодным у Расіі, выжывуць толькі тыя, хто бліжэй да зямлі».

«Трэба пачынаць з чыноўнікаў і іх хабараў», — раіць мужчына. «Мы ніколі не будзем на каленях. Мы ж рускія, мы заўсёды перамагаем», — перабівае яго жонка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?