Уладзімір Рыжанкоў — прадпрымальнік, каардынатар руху.

Уладзімір Рыжанкоў — прадпрымальнік, каардынатар руху.

Прадстаўнікі прарасійскага «Нацыянальна-вызваленчага руху» ў Беларусі расказалі «Нашай Ніве» пра свой светапогляд. На пытанні адказвалі Уладзімір Рыжанкоў, каардынатар руху, і Юлія Чырва, яго прэс-сакратарка. Цытаты падаюцца без купюр.

«Мы нідзе не зарэгістраваныя. Усё робіцца на грамадскіх пачатках, па-валанцёрску. У Расіі нас 260 тысяч чалавек. У Беларусі мы толькі пачынаем. Актыўных зусім мала.

Мы абапіраемся на праваслаўе. Гэта асноўная рэлігія рускай цывілізацыі, Рускага свету. Але галоўнае, каб чалавек прызнаваў, што ў 1991 годзе адбыўся пераварот, і прызнаваў каланіяльны статус нашай дзяржавы.

Канстытуцыю нам увогуле напісалі ЗША, Ю-Эс-Эйд, я іх так называю — амерыканскае пекла. Гэта маё вынаходніцтва.

На сённяшні дзень усе постсавецкія краіны — калоніі ЗША. Ельцына пасадзілі на пасаду амерыканцы, як і Гарбачова. Але Пуцін ужо самастойны гулец. Тое, што ён узначаліў краіну, — рускі цуд.

У Беларусі мы падтрымліваем Лукашэнку. Яго абраў народ. Дзякуючы яго ўласнай ініцыятыве і ручному кіраванню атрымалася захаваць вытворчасць, бяспеку, стабільнасць, гісторыю, памяць пра Вялікую Айчынную вайну.

Глабальны фонд барацьбы з ВІЧ 5 гадоў распаўсюджвае метадон. ЮНІСЭФ прасоўвае сэкс-асвету, разбэшчванне непаўналетніх, калі ў дзіцячых садках дзяцей навучаюць рукаблуддзю, усякім вычварэнствам. Пад выглядам барацьбы ў ААН прынялі праграму, калі дзецям з трох гадоў абавязкова вучыцца сэксуальным вычварэнствам!

«Антымайдан» — бутафорыя, якая не ставіць перад сабой канкрэтныя мэты.

80% чыноўнікаў у Расіі працуюць на Захад. У прэзідэнта РФ правоў нашмат менш, чым было ў старшыні Прэзідыума ў СССР. Рэальнай улады ў Пуціна няма.

А Мядзведзеў быў кампраміснай фігурай паміж прапуцнскімі сіламі і амерыканцамі. Гэта не да канца пуцінскі праект.

Нам рэкамендавалі далучыцца да БРСМ. Але іх парадак дня з нашым троху не супадае. І да іх пятая калона таксама пранікла, забарона георгіеўскай стужкі — вось прыклад.

Бээрсээмаўцы — абсалютна наіўныя людзі, яны не разумеюць, што адбываецца. У Мінадукацыі ахарактарызавалі БРСМ так: гэта вялікія дзеці.

Мы не будзем далучацца да Расіі, бо мы адна дзяржава. Проста гэтая дзяржава стане іншай, калі не будзе пятай калоны.

Біблія Скарыны была на рускай! Ён сам пісаў: «я — рускі»! Вы гісторыю ведаеце? Украіна і Беларусь — гэта праект Аўстра-Венгрыі, накіраваны на супрацьстаянне Расіі. Штучна стварылі нацыяналізм, штучна стварылі мову.

Разведка МІ-6 і банкіры арганізавалі Кастрычніцкую рэвалюцыю. І гэта цуд, што з’явіўся патрыёт — Сталін, які адмяніў аборты і зладзіў чыстку пятай калоны.

Нават запрыгоньванне сялян пачалося пасля таго, як Пётр І прывёз заходнюю культуру. Да гэтага яно было немагчымым.

Нямцова забілі амерыканцы, каб зладзіць «аранжавы пераварот». І СМІ пастаянна пра гэта казалі, каб людзі выйшлі на вуліцы, але людзей не хапіла.

Ваш рэдактар не прапусціць ні слова з таго, што мы зараз кажам».

* * *

Нацыянальна-вызваленчы рух (Национально-освободительное движение)

грамадскі «патрыятычны» рух, які ўзнік у 2011 годзе ў Расіі. Узначальвае яго Яўгеній Фёдараў, дэпутат Дзяржаўнай думы, Федэральнага сходу РФ чатырох скліканняў, старшыня камітэта па эканамічнай палітыцы і прадпрымальніцтве Дзяржаўнай думы, член Цэнтральнай палітрады «Адзінай Расеі», кандыдат эканамічных навук. «Праславіўся» Фёдараў пасля сваёй заявы аб тым, што вядомаму музыку Віктару Цою пісалі тэксты песень у ЦРУ.

Нацыянальна-вызваленчы рух выступае за «Рускі свет» і традыцыйныя каштоўнасці. Удзельнікі руху вераць, што СССР быў развалены агрэсіўным Захадам, які ўвесь час так ці інакш супрацьстаіць «мірнай славянскай цывілізацыі». Таксама рух падтрымлівае сепаратыстаў Данбаса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?